Абвінавачаны з наркагрупоўкі: У Расіі за тры месяцы зарабілі 236 тысяч долараў

03/03/2016 - 11:47

Чацвёрты дзень працэсу над 17-цю удзельнікамі наркагрупоўкі LegalMinsk пачаўся з паказанняў Марата Багеля, які перавозіў псіхатропы з Расіі ў Беларусь. Ён ужо каля 15 гадоў ведае Канстанціна Вілюгу, якога следства называе лідарам наркагрупоўкі.

Багель ужо даваў паказанні днём раней, але яны былі не вельмі пераканаўчыя. Незразумела, што здарылася, але на наступны дзень (3 сакавіка) ён змяніў тон на больш жорсткі.

Сярод іншага Багель назваў канкрэтныя лічбы чыстага прыбытку з дзейнасці ў Расіі за верасень, кастрычнік і лістапад 2014 года. За гэты час, калі верыць абвінавачанаму, было атрымана 10,3 млн. расійскіх рублёў. Курс тады здорава скакаў, але выходзіць, што сума ў пераводзе на амерыканскую валюту склала прыкладна 236 тысяч долараў.

Раней з боку праваахоўных ведамстваў Беларусі паведамлялася, што за месяц наркагрупоўка магла мець 7000 долараў чыстага прыбытку. Але па выніках следства агучвалася лічба ў 33 мільярды рублёў за ўвесь час.

Багель прызнаўся, што спачатку ён быў закладчыкам псіхатропаў, а потым пераўтварыўся ў кур’ера, які ў тым ліку дастаўляў у Беларусь і вадкасці, і парашкі, і крышталепадобныя рэчывы, хімічных формул якіх не ведаў. Перавозіў сам ці перадаваў аўтобусамі. Абвінавачаны сцвярджае, што хацеў выйсці з наркагрупоўкі, але яго запалохалі.

“Вілюга казаў, што ў Беларусі ў яго ўсё схоплена і ён вырашыць кожнае пытанне. Казаў, што супрацоўнікі КДБ з 4-га паверху цікавяцца мной і што ён кожнага можа "закрыць"”, — сказаў Багель.

Абвінавачаны не спыняўся і працягваў “грузіць” іншых абвінавачаных. Напрыклад, згадаў, што на міліцэйскім відэа затрымання Аліны Церагеры пазнаў пакеты з псіхатропам, якія сам прывёз у Беларусь і пакінуў каля запраўкі. Прагучаў нават такі дробны нюанс, што ў Мінску Вілюга папрасіў двух таварышаў, якія таксама знаходзяцца на лаве абвінавачаных, падрапаць яго дарагі “Мэрсэдэс” для атрымання выплат ад страхавой кампаніі.

Той самы "падрапаны Мэрсэдэс"

Наркагрупоўка LegalMinsk дзейнічала не менш за тры гады. З 2011-га яна праславілася, дзякуючы папулярнаму сайту legalminsk.net, праз які ў Беларусі адкрыта прадавалі спайсы. На вэб-старонцы пакідаліся тэлефонныя нумары аператараў, якія прымалі замовы. 

Многія віды спайсаў у той час не ўваходзілі ў рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Таму, затрымліваючы дылераў, праваахоўнікі не маглі прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці. Толькі ў 2014 годзе беларускае антынаркатычнае заканадаўства істотна змянілася, члены групоўкі дапусцілі пракол і захоўвалі дома ўжо нелегальныя рэчывы.

Судовы працэс прыкметны і тым, што на лаве абвінавачаных аказаліся як мінімум тры чалавекі, якія, працуючы ў МУС і КДБ, прыкрывалі наркагрупоўку і дапамагалі ёй.

Фота Марата Багеля ўзята з TUT.BY

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі