Абставіны гібелі рабочага на будаўніцтве Беларускай АЭС высвятляе спецкамісія

30/08/2016 - 16:26

Абставіны гібелі рабочага на будаўніцтве Беларускай АЭС высвятляе спецыяльная камісія. Расследаванне праводзіцца Дэпартаментам дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведамляе БЕЛТА.

Трагічнае здарэнне адбылося на будаўнічай пляцоўцы другога энергаблока ў 16.20 у пятніцу, 26 жніўня. Спачатку неафіцыйная інфармацыя пра гэта з'явілася ў Facebook. Пасля аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрымства "Беларуская атамная электрастанцыя" распаўсюдзіў кароткую зацемку. У ёй адзначалася, што "падчас выканання будаўнічых работ на пляцоўцы збудавання Беларускай АЭС, у расійскай субпадраднай арганізацыі адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога загінуў чалавек". Пазней Следчы камітэт распавёў некаторыя падрабязнасці. Высветлілася, што на 43-гадовага мантажніка, супрацоўніка арганізацыі "Трест РосСЭМ", зваліўся металічны балон.

Як інфармуе БЕЛТА, па інфармацыі аддзела аховы працы і пажарнай бяспекі прадстаўніцтва Ніжагародскай інжынірынгавай кампаніі Атамэнергапраект (НІАЭП), прычынай трагічнага здарэння магло стаць парушэнне супрацоўнікамі правілаў бяспекі пры падачы балонаў з газавай сумессю. Расіяне сцвярджаюць, што ўсю інфармацыю перадалі беларускаму боку, але і самі праводзяць расследаванне.

Адзначаецца, што цела загінулага адправілі на радзіму, у Расію.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі