Калі Лукашэнка захоча адмяніць вакцынацыю, яе адменяць. Фармальна — па законе / sb.by
— Кодэкс аб ахове здароўя датычыць кожнага беларуса, таму абмяркоўваць яго праект трэба адкрыта і гучна на кожным інфармацыйным канале — праводзіць дыскусіі, запрашаць экспертаў, а не даваць людзям дзесяць дзён на вывучэнне "дакумента" на 334 старонкі ў інтэрнэце. Фікцыя, а не грамадскае абмеркаванне.
У гэтым перакананы намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, лекар Станіслаў Салавей, з якім Еўрарадыё пагутарыла пра тое, што не так з праектам Кодэкса аб ахове здароўя і ці ёсць у ім нешта пазітыўнае.
На азнаямленне з прапановай і рэакцыю на яе на прававым форуме беларусам адвялі сапраўды занадта мала часу: з 29 лістапада па 9 снежня. Пазней, праўда, Міністэрства аховы здароўя ціхенька ссунула тэрміны "абмеркавання" да 1 лютага 2025 года, пра што, вядома ж, даведаліся не ўсе.
На думку Станіслава Салаўя, "гэты праект злеплены з урыўкаў мноства іншых законаў — хутчэй за ўсё, рознымі людзьмі, таму што ў ім няма адзінай стылістыкі".
А ці ёсць канкрэтныя заўвагі да самой прапановы?
У III главе, прысвечанай дзяржаўнаму і грамадскаму рэгуляванню і кіраванню ў галіне аховы здароўя, напісана, што менавіта прэзідэнт “вызначае адзіную дзяржаўную палітыку і ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы” ў гэтай сферы. Таксама ён можа ўстанаўліваць “асаблівасці прававога рэгулявання адносінаў, рэгламентаваных сапраўдным кодэксам”.
У артыкуле 97 главы XIII гаворыцца пра ўзроўні аказання медычнай дапамогі (ён так і называецца).
Калі на першым узроўні пацыентам аказваецца першасная і спецыялізаваная медычная дапамога, кваліфікаваная медычная дапамога ў амбулаторных і стацыянарных умовах, то на чацвёртым медычная дапамога аказваецца рэспубліканскімі і міжрэгіянальнымі спецыялізаванымі медыцынскімі цэнтрамі.
— На дадзеным узроўні аказваецца высокатэхналагічная спецыялізаваная кансультатыўная, дыягнастычная, лячэбная медычная дапамога на аснове канцэнтрацыі і інтэнсіўнага выкарыстання найноўшага абсталявання, тэхналогій і метадаў дыягностыкі і лячэння, — напісана ў праекце кодэкса.
Падзел аказання медыцынскай дапамогі па ўзроўнях Станіслаў Салавей называе абсалютна некарэктным. Лекар таксама дадае, што ён не новы — так было і да праекта кодэкса.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут