Аб прыпыненні ліцэнзіі супрацоўнікі "Нардзіна" даведаліся са СМІ

03/08/2022 - 20:26

Работнікі "Нардзін" са СМІ даведаліся, што ліцэнзію медцэнтра прыпыняюць. Пра гэта яны расказалі сайту zerkalo.io

Як распавядала Еўрарадыё, Мінздароўя вырашыла з 15 жніўня прыпыніць ліцэнзіі медцэнтраў "Нардзін" і "Тры дантысты плюс". Прычынай называліся ўматлікія парушэнні — ад невыканання санітарных нормаў да "парушэнняў у парадку абарачэння наркатычных сродкаў".

Работнікі медцэнтра кажуць, што яны ў шоку ад гэтай навіны. 

"Пакуль ніхто нічога не ведае. Кіраўніцтва маўчыць. Па працоўных чатах ходзяць версіі пра адцісканне бізнесу. Кіраўніцтва пакуль нічога не тлумачыць. Калі шчыра, калі Дзмітрыя Уладзіміравіча ў траўні затрымалі, з'явіліся такія адчуванні, што могуць пазбавіць ліцэнзіі і зусім зачыніць. Ну, і апошнім часам прэміі парэзалі і заробкі скарацілі", — распавядае супрацоўнік медцэнтра.

Прыватным асобам у "Нардзіне" кажуць, што вядуць запіс на прыём і пасля 15 жніўня, бо афіцыйных паведамленняў ад Мінздароўя не атрымлівалі. "Калі раптам нешта зменіцца, мы вам паведамім ці гэтая інфармацыя з'явіцца на сайце", — кажуць у кол-цэнтры.

Раней паведамлялася, што 13 траўня ў медцэнтр з ператрусамі прыходзілі супрацоўнікі ДФР, на допыт адвозілі заснавальнікаў медустановы — доктара Дзмітрыя Сайкова, ягоную жонку і нават двух сыноў. 21 траўня Мінздароўя прыпыніла ліцэнзію "Нардзіна" на шэраг медыцынскіх паслуг. Таксама ў дзяржаўных СМІ гаварылася, быццам КДК падчас праверкі ў "Нардзіне" выявіў факты ўхілення ад выплаты падаткаў на вялікую суму — больш за 500 тысяч рублёў.

Медцэнтр "Нардзін" працуе ў Беларусі 19 гадоў. У ім больш за 450 супрацоўнікаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі