37 краін-удзельніц АБСЕ заклікалі ўлады Беларусі вызваліць палітвязняў

03/02/2022 - 15:04

37 краін-удзельніц АБСЕ заклікалі ўлады Беларусі вызваліць палітвязняў. А іх у нашай краіне на сённяшні дзень налічваецца 1037. Ад імя амаль чатырох дзясяткаў краін выступіў амбасадар Вялікабрытаніі пры АБСЕ Ніл Буш. Ён падкрэсліў, што колькасць палітвязняў у Беларусі імкліва расце, а рэпрэсіі не спыняюцца — адвольныя затрыманні працягваюцца.

Высветлілася, што ў Беларусь накіроўваўся зварот наконт палітвязняў і сітуацыі ў краіне. У адказе афіцыйны Мінск не пагадзіўся з самім тэрмінам "палітвязень". Той жа Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што, на яго погляд, палітзняволеных у Беларусі няма. Згаданыя краіны-удзельніцы АБСЕ з такой пазіцыяй не пагаджаюцца і ў сумеснай заяве тлумачаць сваю пазіцыю, згадваюць шэраг вядомых беларускіх палітвязняў (Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Алеся Бяляцкага ды іншых).

Ніл Буш заклікаў улады Беларусі да поўнага выканання міжнародных абавязацельстваў (у тым ліку ў рамках АБСЕ) і да выкарыстання інструментаў, механізмаў АБСЕ для вырашэння палітычнага крызісу ў нашай краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі