30 жніўня — Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных знікненняў

30/08/2026 - 15:23

Дзе Дзмітрый Завадскі? / Getty Images/AFP/D. Brusko

30 жніўня — Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных знікненняў.

Як распавядаюць праваабаронцы "Вясны", у Беларусі тэма гвалтоўных знікненняў мае два бакі. 

Першы — знікненні апанентаў улады ў 1999–2000 гадах. 

Тады зніклі былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, палітык Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі і журналіст Дзмітрый Завадскі. 

У 2004 годзе дэпутат Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс правёў расследаванне гэтых спраў і заявіў, што да знікненняў маглі быць датычныя прадстаўнікі беларускіх сілавых структур. Да сённяшняга дня невядома, дзе знаходзяцца парэшткі зніклых, а ніхто з тых, каго падазраюць у іх выкраданні і забойстве, не быў пакараны.

Другі бок праблемы — тое, што адбываецца пасля 2020 года. 

Беларускія ўлады на працяглы час пазбаўляюць некаторых палітвязняў сувязі са знешнім светам: яны не могуць тэлефанаваць і пісаць родным, а блізкія часам месяцамі не ведаюць, дзе знаходзіцца чалавек і што з ім адбываецца. 

ААН лічыць, што працяглае ўтрыманне чалавека без сувязі са знешнім светам можа быць формай гвалтоўнага знікнення.

Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч адзначае, што ў Беларусі такі рэжым выкарыстоўваюць, каб ціснуць на зняволеных і караць іх за грамадскую ці палітычную дзейнасць.

Беларусь дагэтуль не далучылася да Міжнароднай канвенцыі аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў.

Паводле Валянціна Стэфановіча, справы Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага застаюцца аднымі з самых цяжкіх палітычна матываваных злачынстваў у сучаснай гісторыі краіны. Праваабаронца спадзяецца, што калі-небудзь стане вядома, што адбылося са зніклымі, іх сем'і атрымаюць адказы, а вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці.

Фрагменты дакументальнага фільма Леаніда Міндліна "Слова і час"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі