Украінскія байцы вядуць баі з праціўнікам, які іх колькасна пераважае
3-я асобная штурмавая брыгада Узброеных сіл Украіны пацвердзіла, што яе перакінулі ў "Аўдзееўскае пекла". Расійскае камандаванне намагаецца любым коштам захапіць гэты ўкраінскі горад, спрабуе ўзяць у акружэннне ўкраінскія падраздзяленні, якія яго абараняюць. Украінскае камандаванне пакуль не плануе здаваць Аўдзееўку, што пацвярджае перакідванне туды рэзерваў. У 3-й брыгадзе паведамілі, што іх "тэрмінова перадыслакавалі для ўзмацнення ўкраінскіх войскаў у раёне Аўдзееўкі" і што "сітуацыя ў горадзе... надзвычай крытычная".
Асобныя батальёны брыгады "правялі рэйд у захопленыя ворагам раёны Аўдзееўкі". Камандзір брыгады Андрэй Білецкі кажа, што сілы праціўніка значна большыя — былым азоўцам супрацьстаіць каля сямі брыгад расіян. "Аб'ектыўная сітуацыя ў Аўдзееўцы застаецца пагрозлівай і нестабільнай. Вораг працягвае актыўную ратацыю сваіх войскаў, і перакідвае ў горад новыя сілы і сродкі", — дадае Білецкі.
З іншых украінскіх крыніц вядома, што раніцай 15 лютага на паўночным захадзе ад Аўдзееўкі расіяне вярнулі пазіцыі, якія напярэдадні адбілі ўкраінскія байцы. Адзначаецца, што з расійскага боку ваююць разнастайныя элітныя падраздзяленні.
3-я асобная штурмавая брыгада была сфармавана з ветэранаў-азоўцаў у канцы 2022 года. Яна ўдзельнічала ў цяжкіх баях пад Бахмутам, пасля ваявала на іншых участках фронту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут