На месцы візавага цэнтра, грошы якога ў пачатку студзеня скраў аператыўнік з упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК), працуе... візавы цэнтр. Турфірма месціцца па тым жа адрасе: вул. Камсамольская, 18, офіс 210 — і гатовая прыняць вашы дакументы, каб за адзін дзень(!) адкрыць вам шматразовы "Шэнген".
З часу, калі міліцыя і дзяржаўныя СМІ прадставілі супрацоўнікаў візавага цэнтра беспрынцыпнымі злачынцамі, як кажуць, не прайшло і паўгода. У снежні сілавікі "ўзялі" турфірму і заявілі, што яна тры гады падрабляла дакументы, неабходныя для атрымання шэнгенскіх візаў. Гэтым нібыта карысталіся, у тым ліку, і нелегальныя мігранты.
Вось як пра міліцэйскую аперацыю распавядае тэлеканал АНТ: "На гэтых кадрах аператыўнікі ўскрываюць офіс турфірмы практычна ў цэнтры сталіцы. Тут жа з доказамі злачынства затрыманыя дырэктар і супрацоўнікі цэнтра. У офісе аператыўнікі знайшлі сотні штампаў юрыдычных асобаў, банкаў і прыватных арганізацый, а таксама станок для вырабу такіх штампаў. Акрамя таго, канфіскавана каля тысячы гатовых пакетаў дакументаў, у тым ліку пашпатры беларусаў, украінцаў, працоўныя кніжкі, а таксама звыш 300 тысяч долараў".
Што праўда, дзверы сапраўднага візавага цэнтра абсалютна не падобныя на тыя, якія ўзламываюць міліцыянты. На іх бачна лічбу 73, а офіс турфірмы мае нумар 210. Унутры журналіста Еўрарадыё сустракае прыемная дзяўчына — намесніца дырэктара. Па яе словах вобшук і затрыманні адбываліся не ў офісе, а на кватэры кіраўніка візавага цэнтра.
"Аляксей дагэтуль знаходзіцца за кратамі", — з сумам распавядае яна. Але распавядае пра крымінальную справу неахвотна, бо забараняе адвакат затрыманага. Дадае толькі: "Ні да якой нелегальнай міграцыі наш цэнтр дачынення не мае, гэта глупства".
Увогуле, уся фірма — гэта адзін невялічкі пакой, у якім стаіць адзін стол і працуе адзін чалавек. Ні сейфа, ні іншага месца, дзе можна было б захоўваць $300 тысяч, тут няма. Але намесніца дырэктара пацвярджае: грошы сапраўды канфіскаваныя.
Праз некалькі дзён пасля "аперацыі" міліцыянты назвалі канкрэтную лічбу: 269150 долараў. У красавіку высветлілася, што адзін з аператыўнікаў скраў грошы з сейфа ў будынку ГУБАЗіК і збег з імі ў Румынію.
Калега несумленнага міліцыянта зараз шукае новую працу.
Пытаюся, як візавы цэнтр працуе без кіраўніка.
"Зараз у нас новая юрыдычная асоба", — тлумачыць намесніца дырэктара. ТАА "Самвік", звесткі якога зараз пазначаныя на сайце ў раздзеле "Кантакты", не мае дачынення да той кампаніі, грошы якой у студзені скраў аператыўнік ГУБАЗіК, пракаментаваў Еўрарадыё дырэктар фірмы, якая зараз парацуе ў офісе 210 па вуліцы Камуністычнай, 18.
Амбасады працягваюць супрацоўніцтва з фірмай нават пасля таго, як туды наведаліся сілавікі. Можна зрабіць польскі "шэнген", можна "літоўскі" — куды падаваць дакументы, выбірае кліент.
Гэта ўсё выглядае вельмі дзіўна. Пра тое, як саспела ідэя злачынства, нам пакуль што застаецца толькі здагадвацца. Вядома, што міліцыянты хадзілі побач з візавым цэнтрам кожны дзень. Адзін з іх атрымаў візу (ці не ў гэтым жа цэнтры?) і іншае грамадзянства (у паслугах візавага цэнтра ёсць "Атрыманне віда на жыхарства ў Еўропе"). А пасля схавацца ў краіне, якая сваіх грамадзянаў не выдае.
"Вы ж разумееце: там [у ГУБАЗіК. — Еўрарадыё] працуюць людзі, якія кожны дзень маюць справу з бізнесоўцамі і іх схемамі. Яны бачаць, што працуе — а што не, дзе можна схавацца", — распавядае сваю версію намесніца дырэктара візавага цэнтра.
У выніку, калі кіраўнік візавага цэнтра апынецца невінаватым, сілавікам давядзецца вяртаць яму канфіскаваныя $269150. А грошы гэтыя зараз знаходзяцца ў Румыніі, у невядомага міліцыянта, які скраў іх і знік.