2014, 2019, 2017 — як змяняўся тэрмін рэстаўрацыі стадыёна Дынама ў Мінску

21/09/2016 - 09:22

 

Кастрычнік 2012

Мінскі стадыён Дынама пачалі разбіраць у кастрычніку 2012 года. Рэканструкцыю аддалі венгерскай фірме "Грабаплан". Кошт праекта склаў 150 мільёнаў еўра. Кампанія заявіла, што пабудуе ўсё за 28 месяцаў.

Але потым ад паслуг кампаніі "Грабаплан" вырашылі адмовіцца. Аляксандр Лукашэнка патрабаваў здаць стадыён да канца 2014 года.

 

Лістапад 2012

"Ніякіх трох гадоў. У канцы 2014 года мы павінны стадыён здаць, а лепш да 7 лістапада, як у нас гэта заведзена", — кажа Лукашэнка на пачатку лістапада 2012 года.

Снежань 2012

Новым падрадчыкам на пачатку 2013 года абралі нямецкую кампанію GMP. Ёй нават заплацілі 40 тысяч долараў за праект, ад якога ў выніку адмовіліся з-за вялікага кошту ў 180—190 мільёнаў еўра.

 

Чэрвень 2013

У чэрвені 2013 года дырэктар Дынама Юрый Крывадубскі, сказаў, што на будаўніцтва стадыёна, хутчэй за ўсё, не спатрэбіцца гады тры, такім чынам, першы матч зможа адбыцца на стадыёне толькі ў 2016 годзе.

 

Ліпень 2013

У ліпені 2013-га года мэр Мінска Мікалай Ладуцька дакладвае Лукашэнку, што абраны новы нямецкі падрадчык, і распачаць будаўніцтва можна праз чатыры месяцы, але тады давядзецца працаваць адначасова з праектаваннем, таму лепш пачакаць яшчэ некалькі месяцаў, пакуль канчаткова будуць завершаныя праектныя працы.

"Будаваць будзем неадкладна. Па вашых разліках мы пачнём толькі праз год. Неадкладна праектуйце і будуйце. Нават калі гэта будзе часткамі", — сказаў Лукашэнка.

 

Травень 2014

Становіцца зразумела, што ніякага стадыёна ў 2014-м годзе не будзе. 16 мая 2014-га ўносяцца папраўкі ва ўказ прэзідэнта ад 5 студзеня 2012-га года: "Замяніць словы "2011-2014 гады" словамі "2011-2017 гады".

Ад нямецкага праекта вырашаюць адмовіцца і аддаюць справу прадпрыемству "Мінскпраект".

 

Лістапад 2014

У лістападзе 2014-га года Сяргей Фурманаў, начальнік упраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама кажа: "Па тэрмінах — усё як належыць. Гэта 2017 год. У нас ёсць працоўны план, і мы дзейнічаем паводле яго”. Іван Басалай, кіраўнік таварыства “Дынама-Арэна”, якое з’яўляецца заказчыкам будаўніцтва і праектавання, запэўнівае, што па тэрмінах стадыён будзе збудаваны “паводле указа прэзідэнта, які пакуль ніхто не мяняў”.

 

Травень 2015

А 6 траўня 2015 года з'яўляюцца здымкі пашпарта аб'екта дзе заканчэнне прац запланаванае на 2019 год!

Фота: onliner.by

Снежань 2015

У снежні 2015 года міністр спорту Аляксандр Шамко кажа: "Нацыянальны стадыён у Мінску будзе здадзены ў эксплуатацыю ў канцы 2017 года. Дакладна. Вы можаце ў мяне спытаць гэта яшчэ пяць разоў, і я пяць разоў адкажу, што гэта дакладна. Я адказны за будаўніцтва гэтага стадыёна. У тым ліку, па ўказе прэзідэнта".

 

Красавік 2016

У красавіку 2016 года намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Гагіеў кажа: "Мы хочам дапрацаваць тэхнічныя ўмовы, каб ён быў атэставаны пад футбол, пад чацвёртую катэгорыю УЕФА. Стадыён "Дынама" мы будзем здаваць у 2018 годзе".

 

Верасень 2016

У верасні 2016 года намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін абяцае, што стадыён адкрыюць пасля рэканструкцыі ў 2017 годзе.

За гэтыя гады колькасць месцаў на трыбунах змяншаецца з 40 да 22 тысяч. А стадыён з футбольнага становіцца алімпійскім.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі