17 ліпеня ВНУ Беларусі завяршаюць прыём дакументаў на бюджэтнае навучанне

17/07/2019 - 06:54

Сёння ВНУ Беларусі завяршаюць прыём дакументаў ад абітурыентаў на бюджэтнае навучанне. Падаць дакументы можна было з 12 ліпеня. Па традыцыі ў апошні дзень падачы дакументаў у прыёмных камісіях чакаецца ажыятаж: некаторыя абітурыенты да апошняга моманту адсочваюць ВНУ і спецыяльнасці, дзе конкурс будзе невысокім. 

Прыём дакументаў на платнае навучанне будзе працягвацца па 4 жніўня. У сілавыя і творчыя ВНУ дакументы можна падаваць да 31 ліпеня і 2 жніўня адпаведна. А на завочныя месцы ў сельскагаспадарчыя ВНУ — з 15 лістапада па 5 снежня, нагадвае БЕЛТА.

Сёлета плануецца прыняць у ВНУ 54,7 тысячы чалавек. З іх 26,6 тысячы стануць студэнтамі-бюджэтнікамі. Сёлета ва ўніверсітэтах быў павялічаны набор на медыцынскія, IT-спецыяльнасці, а таксама спецыяльнасці фізкультуры і спорту.

Студэнтамі-платнікамі павінныя стаць 28,2 тысячы чалавек. Прыём дакументаў праводзяць 49 ВНУ, з іх 42 — дзяржаўныя і сем — прыватныя.

Унутраныя ўступныя іспыты пройдуць з 18 па 26 ліпеня (у сельскагаспадарчых ВНУ — з 6 па 15 снежня). Залічэнне на бюджэтнае навучанне адбудзецца па 28 ліпеня (за выключэннем вайсковых ВНУ), на платнае — па 6 жніўня (за выключэннем некаторых вайсковых ВНУ і культуры).

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі