1 лютага ў Мінску пройдзе чарговы форум індывідуальных прадпрымальнікаў

01/02/2016 - 03:37

1 лютага ў Мінску пройдзе чарговы форум індывідуальных прадпрымальнікаў. У гатэлі "Пекін" а 12-й гадзіне збяруцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Як інфармуе прэс-служба грамадскага аб'яднання "Перспектыва", якое арганізуе мерапрыемства, тэма форума — "Прадпрымальнікі і дзяржава: роля, значэнне і прапановы малога бізнесу". На мерапрыемства запрошаныя кіраўнік дзяржавы, урад, дыпламаты краін ЕС, ЗША і Расіі.

Форум мусіў прайсці яшчэ 25 студзеня, але быў сарваны — прадпрымальнікі не атрымалі памяшканне, у якое змясцілася б тысяча і больш чалавек. "Адмовілі па надуманых прычынах, спецыяльна, каб мы не маглі сабрацца", — сказаў тады кіраўнік "Перспектывы" Анатоль Шумчанка.

З 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі ў Беларусі павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, звычайна адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі. У выніку прадпрымальнікаў штрафуюць, у іх канфіскуюць тавар. Таму, каб не трапіць пад штрафныя санкцыі, нямала ІП прыпыніла працу. У розных гарадах краіны прайшлі стыхійныя мітынгі. А віцебскія прадпрымальнікі нават плануюць "паход на Мінск".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі