Расказваем, як зрабіць візу, і даем парады, якія рэальна працуюць.
Візавая экспертка і аналітык visastat.me Анастасія Лысакоўская раіць задумвацца пра шэнгенскую візу мінімум за 2-3 месяцы да падарожжа.
— Сезон адпачынкаў толькі ўскладніў і без таго вельмі цяжкую сітуацыю. З пачаткам вайны ва Украіне частка консульстваў у Беларусі закрылася, ёсць краіны, якія цяпер наогул не разглядаюць дакументы беларусаў. І практычна няма краіны, якая гарантавана паставіць візу ў беларускі пашпарт, — тлумачыць суразмоўніца Еўрарадыё.
Паводле эксперткі, з вялікай імавернасцю візу вы атрымаеце ад Іспаніі, Італіі, Грэцыі, Венгрыі, Польшчы, Балгарыі і Румыніі.
Прасцей за ўсё цяпер запісацца ў візавы цэнтр Грэцыі. Але і там вольныя месцы на падачу дакументаў заканчваюцца хутка. І ёсць яшчэ некалькі важных нюансаў.
— У Грэцыі ёсць правіла: падавацца на візу трэба за 21 дзень да меркаванай паездкі. Калі будзеце падавацца раней, у вас наогул могуць не прыняць дакументы. І ў Грэцыі высокая статыстыка адмоваў.
З пачаткам турыстычнага сезону сітуацыя палепшылася, але адмоваў усё яшчэ шмат. І нават калі вы атрымаеце візу, гэта будзе віза "пад паездку" — ну, ці максімум на месяц. Гэтая краіна доўгатэрміновых віз беларускім турыстам не выдае, — тлумачыць Анастасія.
Карэспандэнтка Еўрарадыё зарэгістравалася на сайце візавага цэнтра Грэцыі, але свабодных слотаў не знайшла нават на жнівень. Тады мы звярнуліся да пасярэднікаў: тыя папрасілі 570 рублёў (ні пералёт, ні грэцкая мусака ў гэты кошт не ўваходзяць). Вы плаціце за дапамогу ў запаўненні анкеты, падрыхтоўку дакументаў, якія пацвярджаюць рэзервацыю гатэля і пералёту, і пошук вольнага слота для падачы дакументаў у візавым цэнтры, патлумачылі ў агенцтве.
І рэзервацыя, і білеты, вядома, несапраўдныя: усе броні адменяць, як толькі вам дадуць візу. Падрыхтуйцеся да размоваў на мяжы: памежнікі могуць папрасіць вас паказаць білеты, якія пацвярджаюць, што з грэцкай візай вы і праўда палеціце ў Грэцыю, а не застаняцеся на шопінг у Варшаве ці Вільні.
Калі вы гатовыя самі аформіць сабе бронь білетаў і гатэля, то пасярэднікі возьмуць з вас усяго 450 рублёў за запіс на падачу дакументаў (калі тэрмінова) або 400 рублёў (калі не тэрмінова).
Лайфхак: маніторце сайты візавых цэнтраў у аўторак раніцай — кажуць, менавіта ў гэты час "выкідваюць" слоты. Паспрабуйце запісацца раней, чым усе месцы забяруць пасярэднікі.
Аднаразовыя візы таксама выдаюць Балгарыя, Румынія і Харватыя, але ў вас на руках мусяць быць аплачаныя броні гатэляў і білетаў.
У большасці агенцтваў, у якія мы звярнуліся, нас папярэдзілі: калі ў вас ужо тры гады не было візы, любая краіна дасць толькі аднаразовую.
Калі візы былі, тады лепш ісці ў візавы цэнтр Іспаніі. Праблема толькі адна: у вас мусіць быць вялікая падушка бяспекі.
— Патрабаванні да дакументаў у іспанцаў стражэйшыя, чым у іншых консульстваў. Яны патрабуюць фінансавых гарантый: 113 еўра на дзень знаходжання. Калі няма дастаткова пераканаўчага абгрунтавання вашай заможнасці або калі вас западозраць у жаданні эміграваць, у візе могуць адмовіць. Дакументы прымаюць за 45 дзён да меркаванай паездкі.
Шчодрая на візы Італія. Калі ў вас ёсць хоць нейкая візавая гісторыя, італьянцы могуць адкрыць візу і на паўгода, і нават на два гады, кажа Анастасія.
— А калі вы ўжо былі ў Італіі і можаце прыкласці доказы — усё роўна, заязджалі вы туды па італьянскай візе або любой іншай, — то можна разлічваць нават на пяцігадовы шэнген. Але менавіта таму, што гэта краіна добра і стабільна выдае візы, у візавы цэнтр цяпер складана трапіць, яны наогул не даюць слотаў.
Раней на ўваходзе ў візавы цэнтр Італіі можна было запісацца ў жывую чаргу — "у сшытак". То-бок чалавек прыходзіў у візавы цэнтр да пэўнага часу, запісваўся ў гэты сшытак, яму дасылалі нумар, і калі падыходзіла яго чарга, запрашалі на падачу дакументаў. Але цяпер ужо і ў сшытак не прымаюць запісаў — ён скончыўся.
Лайфхак. Лавіце абвесткі на сайце візавага цэнтра. Там часам пішуць, што прымаюць заяўкі на прэміум-падачу. Кагосьці запрашаюць адразу, а камусьці дасылаюць паведамленне — маўляў, вам прысвоены такі і такі нумар, чакайце сваёй чаргі. Потым вам патэлефануюць і запросяць падаць дакументы.
Альбо купіце тур у Італію. Турагенцтва прыносіць спісы патэнцыйных падарожнікаў, а потым консульства запрашае турыстаў на падачу дакументаў. Але, кажуць, ёсць сэнс пачакаць, і на сайце візавага цэнтра зноў пачнуць адкрывацца слоты.
А што з Францыяй? Усё складана.
— Яны проста рандомна выкідваюць даты на падачу дакументаў. І гэтыя даты за месяц могуць з'явіцца ўсяго адзін раз. Ніякай логікі ў гэтым няма, ніякай рэгулярнасці — таксама, незразумела, як людзі наогул туды запісваюцца. Але ўжо калі запісаліся, то візу вы, хутчэй за ўсё, атрымаеце. Вядома, калі ў вас усё нармальна з дакументамі і ёсць візавая гісторыя.
Еўрарадыё звярнулася да пасярэднікаў пад выглядам турыстаў. Нам паабяцалі адкрыць французскую, італьянскую або іспанскую візу мінімум за 1,4 тысячы рублёў.
Не шчодрая на візы для беларусаў і Германія. А калі вы захацелі нямецкую візу сёння, то атрымаеце яе праз год-паўтара.
— Іх сістэму ніяк не абысці. Ты пакідаеш заяўку на сайце праз спецыяльную форму, табе прысвойваецца нумар, прыходзіць "адбойка" на пошту — і ўсё, ты чакаеш паведамлення з запрашэннем. Ведаю, што цяпер апрацоўваюцца заяўкі, пададзеныя яшчэ зімой мінулага года, і дату для падачы дакументаў прызначаюць на канец гэтага года. Гэта нармальны варыянт для людзей, у якіх ужо ёсць віза і якія хочуць яе падоўжыць праз паўгода-год. Візы даюць і на год, і на два — то-бок добрая краіна, але даўжэзная падача, — расказвае Анастасія.
Едзьце ў тур у Венгрыю.
— Даты разыходзяцца хутка. Складанасць толькі ў тым, што венгры патрабуюць аплачаную бронь гатэля (усякія расійскія сайты кшталту "Астраўка" не падыходзяць — толькі "Букінг" або дамова з гатэлем наўпрост). А яшчэ Венгрыя можа маніторыць, ці не адмянілі вы бронь. І адмена можа стаць падставай ануляваць візу.
А яшчэ пасля засялення гатэль адпраўляе інфармацыю ў службы міграцыі, і консульства можа яе запатрабаваць. Калі да гатэля вы не даехалі, а выйшлі ў Польшчы, візу могуць скасаваць. Але для турыстаў з добрай візавай гісторыяй Венгрыя можа выдаць візу на два гады.
Калі вы не супраць з'ездзіць у Венгрыю, вам трэба ісці не да пасярэднікаў, а ў турагенцтва. Так рабіў шэнген Анатоль (імя змененае).
— У агенцтве афармляюць візы, калі ты купляеш у іх тур. Так я з'ездзіў у Венгрыю: наведаў Будапешт, паплюхаўся ў купальнях. Усё спадабалася, акрамя таго, што візу мне тады адкрылі аднаразовую. То-бок чыста пад тур.
Турагенцтва тут ні пры чым — так вырашыў консул. У агенцтве заўсёды папярэджваюць, што ад аднаразовай візы вы не застрахаваныя. Купальні класныя, але грошай было шкада, я спадзяваўся хаця б на гадавую.
Маім знаёмым, якія ездзілі ў такі ж тур, венгры адкрылі візы на 3 месяцы. Іншы таварыш атрымаў гадавую, але ён разлічваў на большае — у яго была куча шматразовых польскіх віз. Ёсць і тыя, каму венгры адкрываюць візу адразу надоўга, нават на тры гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут