Зміцер Дашкевіч: А на што ім яшчэ рэагаваць?

27/07/2016 - 10:32

Акцыя ў гонар Дня Незалежнасці, які на пачатку 90-х святкаваўся ў дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце 27 ліпеня, пачынаецца а палове на 9 раніцы. Выйсці на сталічную плошчу Незалежнасці з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі заклікаў аднадумцаў экс-палітвязень, сустаршыня “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч.

“Мы проста хочам нагадаць людзям, што менавіта ў гэты дзень было прынятае вельмі важнае рашэнне для нашай краіны — Дэкларацыя аб незалежнасці”, — кажа Дашкевіч.

На акцыю ён прыходзіць з дачкой Марай і поўным заплечнікам сцягоў — раздаваць ўсім ахвочым узяць удзел у акцыі. На плошчы ўжо чакаюць супрацоўнікі ў цывільным. Відэаздымка пачынаецца імгненна. Тут і ўсё кіраўніцтва мясцовага РУУС.

За некалькі хвілін на плошчы Незалежнасці становіцца ланцужок сцяганосцаў. І практычна за 3-4 хвіліны акцыі да ўдзельнікаў пачынаюць падыходзіць супрацоўнікі міліцыі і складаюць пратаколы. Дашкевіча гэта не здзіўляе, але моцна абурае.

“А на што ім яшчэ рэагаваць? Мы ведаем, што па Беларусі спакойна ездзяць тэрарысты “ЛНР/ДНР”  — да іх ніхто не прыходзіць, у кватэры не ломіцца. Мы бачым, як праводзяць акцыі людзі, якія кажуць, што Беларусь не існуе як незалежная дзяржава. Парушаючы пры гэтым усе законы і Канстытуцыю — да іх ніхто не прыходзіць перапісваць! Гэта прадстаўнікі пятай калоны прарускай, якія ўжо 22 гады робяць усё магчымае, каб Беларусі не існавала як самастойнай дзяржавы”, — кажа палітык.

З аўтобуса на прыпынку выскоквае Яўген Афнагель, перахоплівае з рук Дашкевіча сцяг, становіцца ў ланцуг. Сінхронна, з двух бакоў падыходзім да яго: я — браць інтэрв’ю, і міліцыянт — складаць пратакол.

“Ведаеш, самому прыемна паўдзельнічаць у такой акцыі! Ну, і людзям нагадаць, што сёння за дзень, — з усмешкай кажа Афнагель. — Хаця людзі памятаюць у сваёй большасці. Цяпер, калі ехаў у аўтобусе, людзі бачылі сцягі і ўзгадалі, што сёння Дзень Незалежнасці”.

“Чысло, месяц, год вашага нараджэння?” — перабівае нас капітан з пратаколам.

“А вы лічыце гэты дзень святочным?” — пытаюся ў капітана, што стаіць у чаканні новых удзельнікаў акцыі са спiсам пратаколаў у руках.

Міліцыянер: Я бы не хацеў нешта каментаваць…

Еўрарадыё: Я не пытаюся ў вас пра стаўленне да акцыі, нацыянальнай сімволікі і не прашу каментаваць свае дзеянні тут: сёння свята ці не, як лічыце?

Міліцыянер на вачах пачынае закіпаць, проста з паўабароту:

“Я ж сказаў, што не хачу нічога каментаваць!”

З кожнай хвілінай колькасць удзельнікаў акцыі павялічваецца і неўзабаве ланцужок людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі расцягваецца ад плошчы Незалежнасці да кінатэатра “Цэнтральны”. Адмыслоўца ў арганізацыі і правядзенні розных несанкцыянаваных акцый Паўла Вінаградава гэты факт прыемна здзіўляе.

“Я думаў, будзе пяць чалавек, а тут іх ужо ажно 16! Так што, гэта поспех. Я ўжо пісаў пра тое, што людзі, якія гатовыя ў 8.30 раніцы “паваяваць” — гэта самыя небяспечныя людзі гэтай краіны. Я захацеў на іх паглядзець, вось і прыйшоў. Але, шчыра кажучы, лічу, што акцыі трэба прызначаць не раней за 18 гадзін, а лепш — на 19. Але ў акцыях, якія адбываюцца пасля 18, я браць удзел не магу: у мяне нагляд, і а 19-й я ўжо павінен быць дома, у ложку”.

Адначасова ўдзельнікі акцыі раздаюць мінакам бел-чырвона-белыя стужкі. Ну, ці спрабуюць раздаваць. Бо людзі дзеляцца на дзве катэгорыі: адны спакойна бяруць стужкі, а то і самі просяць, павязваюць, не звяртаючы ўвагі не міліцыянераў. І тыя, хто ўбачыўшы нацыянальныя сцягі, міліцыянераў з пратаколамі і цывільных з камерамі і рацыямі, прыспешвае хаду, стараецца абмінуць акцыю бокам, палахліва адмахваецца ад журналістаў.

“Мы цалкам падтрымліваем акцыю і часам нават самі бываем. Цяпер ідзем міма, але скарысталіся і, бачыце, цалкам экіпіраваліся", — усміхаецца мужчына гадоў 30, якія трымае за руку хлопчыка гадоў чатырох. На руках і заплечніках абодвух бел-чырвона-белыя стужкі.

Акцыя доўжыцца каля 50 хвілін: прыкладна ў 9.20 актывісты пачынаюць згортваць сцягі. Міліцыянты склалі пратаколы на ўсіх удзельнікаў, але нікога не затрымоўвалі. На маё пытанне аднаму з кіраўнікоў мясцовага РУУС, колькі ўсяго пратаколаў было складзена, адказу не атрымліваю — той проста моўчкі адварочваецца.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі