Журналіст з Рагачова адмовіўся ад беларускага грамадзянства

03/09/2023 - 12:21

Дзяніс Дашкевіч / асабісты архіў / Дзяніс Дашкевіч / асабісты архіў

Заснавальнік выдання "Рогачёв онлайн", журналіст і актывіст Дзяніс Дашкевіч адмовіўся ад беларускага грамадзянства. Адпаведны ліст ён адправіў у МЗС Беларусі. Па словах Дзяніса, ён разрывае ўсе сувязі з радзімай, паколькі не згодны з тым, што адбываецца ў краіне.

"У сувязі з непераадольнымі абставінамі я вымушаны аб'явіць аб закрыцці ўсіх сваіх праектаў, якія звязаныя з РБ, уключаючы заснаванае ў 2011 годзе мной выданне "Рогачёв онлайн". Таксама я накіраваў афіцыйны ліст на адрас адміністрацыі самаабвешчанага прэзідэнта аб адмове ад усіх дзяржаўных узнагарод і званняў.

МЗС Беларусі атрымала мой запыт аб адмове ад беларускага грамадзянства. Я не хачу больш нічога мець агульнага са сваёй былой краінай. Буду спрабаваць рэалізаваць свае ідэі ў новай краіне. Каментаваць падрабязна не буду. Калі каротка, я не згодны з тым, што адбываецца ў маім былым доме пад назвай Беларусь. "Выбачаюся перад тымі людзьмі, якія ў мяне верылі, калі не апраўдаў іх чаканняў. Дзякуй усім чытачам "Рогачёв онлайн", якія ўсе гэтыя гады былі з намі! Беражыце сябе!", — напісаў Дашкевіч.

Дзяніс Дашкевіч — актывіст партыі БХД і былы дырэктар мясцовага цэнтра культуры. Нядаўна яго судзілі па "экстрэмісцкім артыкуле" 19.11 за тое, што размясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку фота прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды на фоне польскага чырвона-белага сцяга. Суд палічыў, што паколькі польскі сцяг падобны да беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага, то Дашкевіч распаўсюджвае такім чынам экстрэмісцкія ідэі. Суд адбываўся завочна, бо ў 2022 годзе Дашкевіч з'ехаў у Польшчу.

Апошні раз навіны на сайце "Рогачёв онлайн" абнаўляліся 21 жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі