Жонка раварыста з бітай: У судзе зноў было перадузятае стаўленне

11/11/2016 - 08:52

Мінскі гарадскі суд пакінуў без зменаў прысуд раварысту з бітай. 11 лістапада разглядалася апеляцыя. Як паведамляла Еўрарадыё, 12 верасня Анатоль Грынкевіч быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна за "асабліва злоснае хуліганства" на 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён мусіць заплаціць пацярпеламу Васілю Дземідовічу 10 тысяч рублёў, як кампенсацыю маральнай шкоды.

Здарэнне адбылося ў чэрвені. Грынкевіч ехаў на ровары па веладарожцы ўздоўж вуліцы Прытыцкага ў Мінску. Насустрач яму па веладарожцы ішоў Дземідовіч. Адбылося сутыкненне, Грынкевіч упаў. Ён дастаў з заплечніка біту і нанёс удар Дземідовічу па галаве, пасля чаго паехаў далей. Яго знайшла міліцыя. Траўму Дземідовіча прызналі менш цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі. У той час, калі раварыст знаходзіўся за кратамі, у яго нарадзілася дзіця.

Жонка Анатоля Грынкевіча Валерыя ў каментары Еўрарадыё кажа пра прадузятасць суда:

"Нічым не скончылася [апеляцыя], пакінулі ўсё тое ж самае. Перадузятае стаўленне было на судзе — значыць, у іх [тых, хто разглядаў апеляцыю] такое ж перадузятае стаўленне, як і ў папярэдніх".

Паводле яе слоў, яна пакуль не ведае, ці будзе падаваць чарговую апеляцыю. Увечары яна параіцца з адвакатам.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі