Жэрара Дэпардзьё і Мішэля Уэльбека западозрылі ў групавым згвалтаванні

21/11/2026 - 12:48

Дэпардзьё і Лукашэнка / прэс-служба Лукашэнкі

Расследаванне ў дачыненні да акцёра Жэрара Дэпардзьё і пісьменніка Мішэля Уэльбека распачала французская пракуратура. Падставай стала заява актрысы, якая сцвярджае, што мужчыны здзекаваліся з яе падчас здымак фільма "Спа" ў снежні 2018 года. Да справы таксама прыцягнуты рэжысёр карціны Гіём Ніклу, якога падазраюць у саўдзеле.

Паводле слоў жанчыны, якой на момант меркаванага нападу было 32 гады, яна павінна была сыграць танцоўшчыцу ў адной са сцэн. Як сцвярджае заяўніца, падчас здымак Дэпардзьё супраць яе волі пранік у яе пальцамі, а Уэльбек утрымліваў яе на ложку. Акрамя таго, пісьменнік, паводле яе слоў, учыніў у дачыненні да яе іншыя дзеянні сексуальнага характару без згоды.

Жанчына звярнулася ў праваахоўныя органы ў маі 2025 года. Расследаванне было распачата пасля яе заявы і перададзена парыжскай судовай паліцыі. Паводле звестак Mediapart, актрыса доўга не наважвалася звярнуцца ў паліцыю. Пазней псіхолаг дыягнаставаў у яе цяжкую псіхалагічную траўму.

Рэжысёр Гіём Ніклу заявіў Mediapart, што падчас здымак не заўважыў прымусу, аднак пасля папрасіў у жанчыны прабачэння.

Для Дэпардзьё гэта не першая справа пра сексуальны гвалт. На гэтым тыдні ён адклікаў апеляцыю на прысуд па іншай справе — пра дамаганні да дзвюх жанчын падчас здымак фільма "Зялёныя аканіцы" ў 2021 годзе. Прысуд — 18 месяцаў умоўнага пазбаўлення волі — уступіў у сілу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі