Белстат падрыхтаваў статыстычны агляд / LookByMedia
У Беларусі пражывае больш за 4,9 млн жанчын — гэта 53,9% насельніцтва. Такія даныя прыводзіць Белстат, які падрыхтаваў да 8 сакавіка спецыяльны статыстычны агляд.
Кім працуюць беларускі, дзе жывуць і як праводзяць вольны час?
Паводле даных перапісу насельніцтва 2019 года, большасць жанчын у Беларусі — гэта беларускі (84,8%). У гарадах пражываюць 79,6% жанчын. Сярэдні ўзрост складае 44,3 года. Больш за палову (56,9%) маюць вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю. У цэлым па краіне на 1 000 мужчын прыпадае 1 167 жанчын.
У першы шлюб беларускі ўступаюць у сярэднім у 26,7 года. Сярэдні ўзрост пры нараджэнні дзіцяці — 30,5 года, першынца — 27,6 года.
Больш за ўсё жанчын пражывае ў Мінску — 22,2%. Менш за ўсё — у Магілёўскай вобласці — 10,6%.
Шлюбная статыстыка
У 2025 годзе ў Беларусі ўступілі ў шлюб 52 044 жанчыны, з іх 32 037 (61,6 %) — упершыню. Амаль кожная чацвёртая нявеста была ва ўзросце 20–24 гадоў.
1 928 беларускіх нявест выбралі замежных жаніхоў. Больш за ўсё — грамадзян Расіі — 1 029.
Таксама сярод абраннікаў былі прадстаўнікі Турцыі (71), Літвы (59), Украіны (55), Казахстана (50).
Сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб склаў 26,7 года, у паўторны — 40,5 года.
У 2025 годзе ўзровень занятасці жанчын ва ўзросце 15–74 гадоў склаў 64,7%. Сярод жанчын працаздольнага ўзросту працуюць 85,6%, старэйшых за працаздольны ўзрост — 22%. Сярэдні ўзрост занятай жанчыны — 42,5 года.
Традыцыйна "жаночымі" сферамі застаюцца ахова здароўя і сацыяльныя паслугі — тут доля жанчын сярод занятых складае 84,8%. У адукацыі — 83,5%, у гасцінічным бізнесе і грамадскім харчаванні — 75,5%, у фінансавай і страхавой дзейнасці — 72,3%.
Сярод працуючых жанчын 41,8% маюць вышэйшую адукацыю, 28,2% — сярэднюю спецыяльную, 19,2% — прафесійна-тэхнічную.
Непаўналетніх дзяцей выхоўваюць 43,5% занятых у эканоміцы жанчын. З іх 57% маюць адно дзіця, 32,3% — дваіх, 10,8% — траіх і больш.
Кожны другі кіраўнік у краіне — жанчына, пры гэтым 44,2% з іх выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.
У цэлым жанчыны трацяць на працу па доме і догляд за сям’ёй у 1,7 раза больш часу, чым мужчыны (паводле даных 2015 года, гэты разрыў складаў 2 разы).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут