Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж выйшаў з турмы ў Вялікабрытаніі

25/06/2024 - 06:47

Джуліян Асанж / bbc.com

Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж выйшаў з турмы ў Вялікабрытаніі, паведамляе "Бі-Бі-Сі". Ён правёў у няволі больш за 5 гадоў.

Міністэрства юстыцыі ЗША прапанавала 52-гадоваму Джуліяну Асанжу здзелку: вызваленне ў абмен на прызнанне віны па адным з пунктаў абвінавачання (у змове з мэтай атрымання і раскрыцця звестак аб нацыянальнай абароне).

Як чакаецца, здзелка будзе аформлена ў сераду ў судзе Паўночных Марыянскіх астравоў — тэрыторыі ЗША ў заходняй частцы Ціхага акіяна. Асанж будзе прысуджаны да 62 месяцаў пазбаўлення волі з залікам пяці гадоў, якія ён ужо правёў у брытанскай турме, аспрэчваючы экстрадыцыю ў Злучаныя Штаты. Першапачаткова заснавальніка WikiLeaks абвінавачвалі па 18 пунктах, у асноўным — па законе аб шпіянажы (у сувязі з апублікаваннем канфідэнцыйных ваенных дакументаў і дыпламатычных дэпеш, якія датычаць ваенных дзеянняў у Афганістане і Іраку).

З Вялікабрытаніі самалёт з Джуліянам Асанжам паляцеў у Бангкок, а адтуль — на востраў Сайпан (Паўночныя Марыянскія астравы). Пасля слуханняў і прысуду Асанж будзе вызвалены і адправіцца ў Аўстралію.

Джуліян Асанж — аўстралійскі журналіст, тэлевядоўца. Заснаваны ім у 2006 годзе сайт WikiLeaks пачаў публікаваць сотні тысяч амерыканскіх сакрэтных дакументаў, а пасля і дыпламатычную перапіску. Амерыканскія ўлады называлі публікацыю адной з найбуйнейшых уцечак сакрэтнай інфармацыі ў гісторыі краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі