Занкавец: Мне здаецца, што праца федэрацыі хакея на добрым узроўні

16/05/2017 - 16:38

Былы галоўны трэнер хакейнай зборнай Беларусі Эдуард Занкавец пракаментаваў яе выступленне на чэмпіянаце свету. Як вядома, беларускія хакеісты прайгралі пяць матчаў, выйгралі толькі два, з 7 ачкамі занялі 13-е месца. Каманда Дэйва Льюіса вымушаная была змагацца за захаванне месца ў эліце, што ёй у выніку ўдалося.

“Галоўнае ― гэта тое, што наша зборная захавала прапіску, што ў прынцыпе, напэўна, добра, — кажа Занкавец у каментары Еўрарадыё. — Мы цяпер маем тры зборныя ў групе А: юніёрская, моладзевая і нацыянальная. Таму гэта такі добры паказчык, у тым ліку, у плане развіцця ўсяго беларускага хакея”.

Як вядома, нядаўна Аляксандр Лукашэнка анансаваў сур’ёзныя змены ў шэрагу відах спорту, у тым ліку і ў хакеі. Безумоўна, будзе ўзнятае пытанне пра адказнасць за няўдалае выступленне на сусветным першынстве зборнай.

“Што тычыцца працы федэрацыі хакея [Беларусі], то мне здаецца, яна на добрым узроўні, — гаворыць Эдуард Занкавец. — Я не кажу, што на выдатным, але, мне здаецца, што менавіта яна павінна менш за ўсё падвяргацца крытыцы. У мяне ёсць, з чым параўноўваць. Тут трэба зрабіць акцэнт менавіта на аналізе самой нацыянальнай зборнай, пачынаючы з аналізу з боку трэнерскага штаба. Трэба не распыляцца, а прааналізаваць і зрабіць высновы канкрэтна ў працы гэтай каманды”.

Эдуарду Занкаўцу 47 гадоў. Ён — вядомы ў мінулым беларускі хакеіст, цяпер — трэнер. Галоўным трэнерам хакейнай зборнай Беларусі быў у 2010-2011 гадах.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі