"Захапілі свядомасць", "не разумеюць": як улады тлумачаць масавыя пратэсты

31/08/2020 - 06:52
Пратэстоўцы на праспекце Пераможцаў у Мінску / Еўрарадыё

Увечары 30 жніўня дэпутаты і чыноўнікі актыўна выказваліся ў дзяржСМІ пра масавыя пратэсты на вуліцах беларускіх гарадоў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская патлумачыла жаночы пратэст — вялікі марш, якім жанчыны прайшлі па Мінску ў суботу — тым, што імі маніпулююць. А яны гэтага не разумеюць.

"Што такое жанчына па сваёй сутнасці? Гэта чалавек, які заўсёды суперажывае таму, што адбываецца. І сёння, сапраўды, некаму гэта выгадна, — распавядае Лянчэўская агенцтву БелТА. — Яны стварылі такія ўкіды, такое інфармацыйнае поле, калі жанчыны нават не разумеюць таго, што збольшага імі маніпулююць. Лічаць, што яны самастойна выйшлі, прыгожа сталі з кветкамі. Але, на самой справе, гэта маніпуляванне, безумоўна, іх свядомасцю. І сёння, калі мы паглядзім, дык падобныя сітуацыі раней былі ў гісторыі. Мы прыгадваем Украіну, Кубу, можна прыводзіць і іншыя прыклады".

Начальнік Навукова-даследчага інстытута Узброеных Сіл Беларусі Віктар Тумар даў інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на "Беларусь 1". На яго думку, людзі ва ўзросце да 30 гадоў, якія "карыстаюцца гэтым інтэрнэтам", робяцца "палівам рэвалюцыі".

"Калі захапілі свядомасць грамадзян пасродкам телеграм-каналаў, у якіх асвятлялася негатыўная інфармацыя супраць сілавікоў, супраць дзяржслужачых, супраць журналістаў, не кажучы пра тое, што неабходна зрабіць, каб гэты негатыў прыбраць, пасля гэтага яны ўключылі пэўнае кіравальнае ўздзеянне", — заяўляе Тумар .

Як і Лянчэўская, як прыклад жаночага пратэсту ён таксама прыгадвае Кубу 2003 года. А ў тым, што еўрапейскія дыпламаты ўсклалі кветкі да месца гібелі дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага, знаходзіць паралелі з украінскімі падзеямі 2013-2014 гадоў. "Нашымі людзьмі стала лёгка кіраваць", — заяўляе Тумар.

29 і 30 жніўня ў Беларусі прайшлі масавыя палітычныя акцыі праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. У суботу, 29 жніўня, пратэставалі жанчыны. У нядзелю сотні тысяч выйшлі на маршы міру і згоды ў Мінску, Брэсце, Гродне, Магілёве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі