Супраць кандыдатуры спікера Андрэйчанкі прагаласавала толькі Канапацкая

11/10/2016 - 11:29

11 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў выбралі старшыню — 67-гадовага Уладзіміра Андрэйчанку. Ён застаецца нязменным з 2008 года. Упершыню спікерам Палаты прадстаўнікоў Андрэйчанку выбралі 27 кастрычніка 2008 года (107 галасоў — "за", 1 — "супраць"), другі раз — 18 кастрычніка 2012-га (105 — "за", 3 бюлетэні прызналі несапраўднымі). Сёння "за" прагаласавалі 109 дэпутатаў, "супраць" — 1. Галасаванне было тайным і безальтэрнатыўным. Як стала вядома Еўрарадыё, супраць кандыдатуры Андрэйчанкі прагаласавала Ганна Канапацкая з АГП.

У каментары Еўрарадыё яна патлумачыла сваю пазіцыю. Паводле слоў дэпутаткі, уся праца ранейшай Палаты прадстаўнікоў "выклікае ў яе расчараванне і незадаволенасць". А паколькі на вялікі адсотак эфект працы залежыць ад кіраўніка, то Канапацкая мае прэтэнзіі да спікера, да яго працы. На пытанне, чаму ж яна не вылучыла сваю кандыдатуру, ці не прапанавала кагосьці яшчэ, апазіцыйная дэпутатка адказала, што сама яшчэ не гатовая да такой пасады, хаця і мае досвед кіравання калектывам. Нікога іншага не прапанавала, бо яшчэ не ведае здольнасцяў дэпутатаў у працы. Адзіная памылка, кажа Ганна Канапацкая, што не выйшла на трыбуну і не задала пытанні Уладзіміру Андрэйчанку.

Уладзімір Андрэйчанка нарадзіўся ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Працаваў аграномам, пасля быў на пасадах у камсамоле і ў кампартыі, тры гады ачольваў калгас, быў старшынёй Лёзненскага райвыканкама. У 1990 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1991-1994 гадах — намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама, у 1994-2008 гадах — старшыня аблвыканкама, чалец Савета Рэспублікі. З 2008 года — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, яе спікер.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі