За ролік з інспектарам міліцыі 17-гадовы хлопец атрымаў крымінальны артыкул

23/06/2023 - 08:39
Хлопец здымаў відэаролік / gomel.mvd.gov.by

За ролік з інспектарам міліцыі 17-гадовы хлопец атрымаў крымінальны артыкул, піша gomel.mvd.gov.by. Гэтая гісторыя адбылася ў пачатку траўня ў Рэчыцы. У мясцовы РАУС паведамілі пра "хуліганаў" на скейт-пляцоўцы. Капітан міліцыі прыехала на месца "для разбіральніцтва". Там сапраўды была моладзь, але "ніякіх супрацьпраўных дзеянняў" яна не пабачыла.

"Так бывае, мясцовыя жыхары з бліжэйшых дамоў не надта лаяльныя да шуму і катання на скейтах і роварах. Але выклік быў, а значыць, і дакументы неабходна было аформіць", — адзначае прэс-служба гомельскай міліцыі.

Пакуль супрацоўніца міліцыі была занятая складаннем дакумента, за яе спіной танцавалі і дэманстравалі "непрыстойныя жэсты" — адзін з хлопцаў папрасіў іншага зняць відэа. У далейшым ролік з'явіўся ў адной з сацсетак. Яго пабачылі ў міліцыі, і інспектар па справах непаўналетніх, якая на ім прысутнічала, "цярпець выхадку не стала, звярнулася з адпаведнай заявай". Дзеянні навучэнца мясцовага каледжа кваліфікавалі, як хуліганства і распачалі крымінальную справу.

У студзені-траўні 2023-га ў Гомельскай вобласці распачалі 48 крымінальных спраў "па абароне гонару і годнасці супрацоўнікаў міліцыі". Пераважна гаворка ідзе пра "публічныя абразы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі