За адстаўку міністра адукацыі Карпенкі падпісаліся больш за 1300 чалавек

27/04/2020 - 13:42

Пад петыцыяй за адстаўку міністра адукацыі Ігара Карпенкі за двое сутак падпісалася больш за 1300 чалавек. 

Аўтарам петыцыі стаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў. Накіраваць зварот мяркуецца ў Адміністрацыю прэзідэнта

У петыцыі гаворыцца, што Карпенка не справіўся сітуацыяй, якая ўзнікла ў выніку пандэміі каранавіруса: 

— не здолеў арганізаваць дыстанцыйнае навучанне школьнікаў і студэнтаў;

— не здолеў забяспечыць бяспеку школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў праз адмену альбо перанос заняткаў;

— нагрузка на настаўнікаў праз палітыку Мінадукацыі павялічылася ўдвая, бо ім даводзіцца займацца і са школьнікамі ў класах, і дыстанцыйна. Пры гэтым заробкі настаўнікаў засталіся на ранейшым ўзроўні;

— Мінадукацыі не мае дакладнай пазіцыі наконт арганізацыі адукацыйнага працэсу;

— паведамляецца, быццам Мінадукацыі не праверыла тэхнічныя магчымасці школьнікаў і студэнтаў для ўвядзення дыстанцыйнай адукацыі і не арганізавала выдачу патрэбнага абсталявання тым, хто мае ў гэтым патрэбу (планшэтаў). Таксама не было спробаў арганізаваць бясплатны інтэрнэт для настаўнікаў, выкладчыкаў і школьнікаў пры дыстанцыйнай адукацыі.

Дарэчы, гэта ўжо трэцяя петыцыя за адстаўку Карпенкі з пасады міністра адукацыі. У 2018 годзе аналагічную петыцыю падпісалі 845 чалавек, у 2019-м — 307.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі