У Мінску прайшоў круглы стол “Беларусь і глабальнае змяненне клімату”. Вучоныя, прадстаўнікі ААН у Беларусі і чыноўнікі абмеркавалі змяненне клімату і як гэта паўплывае на развіццё краіны. Удзельнікі ўпэўнены, што клімат змяняецца і да гэтага трэба быць падрыхтаванымі.
“Днямі ў Брэсце зафіксавалі тэмпературны рэкорд за апошнія 40 гадоў. Я ведаю, што ў Беларусі добрае разуменне, наколькі гэтай тэматыкай трэба займацца”, — мяркуе пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі.
Клімат у нашай краіне пачаў змяняцца ў 1989 годзе. Гэта праявілася ў павышэнні тэмпературы паветра і павелічэнні ападкаў.
“За апошнія 25-30 гадоў сярэднегадавая тэмпература перавысіла кліматычную норму на 1,3 градуса, — удакладняе кандыдат геаграфічных навук Віктар Мельнік. — Гэта значыць, што летам тэмпература становіцца вышэйшай за 25 градусаў. У нас павялічыўся вегетацыйны перыяд і зменшыўся зімовы”.
Разам з пацяпленнем у Беларусі павялічылася колькасць ападкаў. Найбольш, па словах навукоўца, гэта заўважна зімой і на пачатку вясны. Тое, што замест снегу ідуць дажджы, кепска ўплывае на сельскую гаспадарку.
“Калі гаварыць пра наступствы, то праз неспрыяльныя і небяспечныя ўмовы эканоміка Беларусі штогод губляе каля $100 млн. Гаворка ідзе пра сельскую гаспадарку і іншыя галіны.
Па тэмпературных умовах сучасная Гомельская вобласць адпавядае поўначы Украіны, дзе такі клімат быў прыкладна 20 гадоў таму. Ідзе зрушэнне кліматычных абласцей”.
Удзельнікі круглага стала лічаць, што нельга адназначна адказаць: змена клімату — гэта добра ці дрэнна. З аднаго боку, гэта спрыяльныя ўмовы для працы, з другога — небяспека для жыцця.
“Скарачэнне зімовага перыяду выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы, — гаворыць Віктар Мельнік. — Тэмпература паветра стала вышэйшая — з’явілася магчымасць вырошчваць новыя культуры. Падчас цёплай зімы ЖКГ нясе меншыя страты праз прыборку снегу, праз паліва. І гэтыя фактары ўжо ўлічваюцца”.
Але ёсць і адмоўны бок у змяненні клімату. Высокая тэмпература паветра пагражае здароўю людзей, якія залежаць ад надвор’я. Таксама вялікая спёка вядзе да засухі і з’яўлення інфекцыйных хвароб, якія раней не былі ўласцівыя Беларусі.
“Усё часцей у студзені тэмпература захоўваецца вышэй нуля. На гэта трэба звяртаць увагу. У сярэднім працягласць зімы на тэрыторыі Беларусі скарацілася на 3-7 дзён. А на паўднёвым захадзе краіны кліматычная зіма складае два месяцы і меней”, — паведаміла ў сваім выступе прадстаўніца Белгідрамета Наталля Клявец.
Прасцей кажучы, таго, што мы прывыклі лічыць каляндарнай зімой, у рэчаіснасці ўжо няма. Ды і лета стала даўжэйшым: яно цягнецца ад 95 да 100 дзён. Напрыклад, сёлета кліматычнае лета (перыяд з сярэднесутачнай тэмпературай 14 градусаў і вышэй) склала 4 месяцы: з сярэдзіны траўня да сярэдзіны верасня.
Эксперт міжнародных экалагічных праграм Аляксандр Грабянькоў найбольш уразлівымі сферамі падчас змянення клімату лічыць сельскую і лясную гаспадаркі.
“Яны [галіны. — Еўрарадыё ] раней за ўсіх пачалі распрацоўваць стратэгіі па адаптацыі, — расказаў Еўрарадыё спецыяліст. — Крыху складаней з сельскай гаспадаркай, бо ёй больш цяжка адаптавацца: трэба змяняць культуры і тэхналогіі”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.