Кампазітара-ўраджэнца Гродна ўзнагародзілі найвышэйшым ордэнам Польшчы

06/05/2024 - 08:00

Кампазітара Ежы Максімюка ўзнагародзілі найвышэйшым ордэнам Польшчы / KPRP

Кампазітара Ежы Максімюка, ураджэнца Гродна, у Польшчы адзначылі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Белага Арла, піша Hrodna.life. Гэтую ўзнагароду яму ўручылі на знак прызнання выдатнага ўнёску ў польскую культуру.

Цырымонія адбылася 3 траўня 2024 года ў Каралеўскім замку ў Варшаве. Ордэн кампазітару ўручаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Ежы Максімюк нарадзіўся ў Гродне ў 1936 годзе. У 1947-м іх сям’я перабралася ў Беласток. Ежы вывучаў фартэпіяна, дырыжыраванне ў Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школе ў Варшаве (сёння гэта Музычны ўніверсітэт Фрыдэрыка Шапэна). У 1972 годзе Максімюк узначаліў Польскі камерны аркестр, які гастраляваў па ўсім свеце. А з 1983 па 1993 год ён кіраваў Шатландскім сімфанічным аркестрам BBC у Глазга.

Пазней гродзенскі ўраджэнец супрацоўнічаў з Англійскай нацыянальнай операй, выступаў з Лонданскім сімфанічным аркестрам, Лонданскім філарманічным аркестрам, Нацыянальным аркестрам Францыі, а таксама Такійскім сталічным сімфанічным аркестрам. Максімюка лічаць адным з заснавальнікаў польскага Таварыства сучаснай музыкі. Ён пісаў музыку для кіно і балета, а таксама запісаў каля 100 кружэлак.

Ежы Максімюк таксама ўзнагароджаны польскім залатым Крыжом Ордэна Адраджэння і залатым медалём Gloria Artis.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі