З кім Лукашэнка танчыў на Венскім балі ў Мінску

29/12/2019 - 09:16
Венскі баль у Мінску / president.gov.by

У Мінску ў Палацы Незалежнасці прайшоў Венскі баль. Партнёркай Аляксандра Лукашэнкі на ім стала не Міс Беларусь Марыя Васілевіч, з якой ён танчыў у мінулы раз, а вядучая тэлеканала "Беларусь 1" Паліна Шуба.

Дзяўчыне 31 год. Яна нарадзілася ў Старых Дарогах, прафесійна займалася харэаграфіяй, у 2011 годзе скончыла БДТУ па спецыяльнасці "Эканаміст-маркетолаг ў дрэваапрацоўчай галіне". У тым жа годзе прыйшла на БТ у Агенцтва тэлевізійных навін. Сёння вядзе праграмы "Панарама" і "Галоўны эфір".

Лукашэнка і Шуба на Венскім балі ў Мінску / president.gov.by

Першы навагодні баль у Палацы Незалежнасці прайшоў у 2017 годзе. На свецкі раут запрасілі лепшых школьнікаў і студэнтаў Беларусі. Сёлета ўсё прайшло крыху не так.

Па-першае, баль стаў Венскім: першапачаткова кампанія А1 збіралася правесці яго ў Купалаўскім тэатры 14 снежня, але па ініцыятыве Лукашэнка яго перанеслі бліжэй да Новага года і правялі ў Палацы незалежнасці. Па-другое, сярод гасцей балю засвяціліся топавыя беларускія чыноўнікі і функцыянеры: ад прэм'ер-міністра Сяргея Румаса і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сяргеенкі да галоўнага трэнера зборнай Беларусі па хакеі Міхаіла Захарава.

Марыя Васілевіч, якая ў лістападзе была абраная ў Палату прадстаўнікоў, таксама прыйшла на баль. Але танчыла не з Лукашэнкам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі