Яшчэ адна гісторыя пра “Пагоню” на стадыёне. Фанат збіраецца судзіцца

27/10/2015 - 12:12

Аматару футбола міліцыянты не далі паглядзець матч больш за год таму. Ён наняў адваката і гатовы сустрэцца з міліцыянтамі ў судзе.

 

“Я хачу, каб міліцыя вярнула мне грошы за квіток на футбол і за паліва. Я ж прыехаў у Барысаў. Усё за свае грошы. І матч прапусціў. І яшчэ хай выбачацца за свае дзеянні”, — гаворыць Сяргей Бахун.

Гісторыя супрацьстаяння Бахуна з барысаўскай міліцыяй пачынаецца вечарам 26 жніўня 2014 года, калі БАТЭ прымае дома “Слован” з Браціславы. БАТЭ тады выйграе 3:0 і выходзіць у групавы раунд Лігі чэмпіёнаў, але Сяргей Бахун гэтага амаль не бачыць — у сярэдзіне першага тайма яго выводзяць з трыбуны міліцыянты і трымаюць амаль да канца матча ў “апорцы” стадыёна.

“Трымалі для таго, каб начальнік змог прыйсці і правесці гутарку. Прыйшоў недзе праз гадзіну — маёр Вячаслаў Паўлавец. Сказаў, што на маім шаліку “Пагоня”, гэта незарэгістраваная сімволіка, калі не хачу праблем, то яе трэба схаваць пад куртку. Паўпіраліся трохі з ім. Але ў выніку я шалік схаваў пад куртку — у мяне жонка, дзіця. Не хацелася ехаць у пастарунак. Тады мяне пусцілі назад на трыбуну. Але матч ужо падыходзіў да канца”, — расказвае пра свае прыгоды балельшчык.

Далей гісторыя развіваецца па не зусім звычайным сцэнары. Прынамсі, для барысаўскай міліцыі. Бахун спачатку піша скаргу на дзеянні маёра Паўлаўца кіраўніку Барысаўскага РАУС. І заадно ў пракуратуру Барысаўскага раёна. З абодвух органаў адказваюць, што правялі праверкі і парушэнняў не выявілі. Бахун наймае адваката, піша скаргі ў пракуратуру Мінскай вобласці і начальніку УУС Мінаблвыканкама. Вынік той самы:

“Напісалі нам, што парушэнняў не выяўлена, што дзеянні міліцыі ў дачыненні да мяне былі законнымі. Вось так. Я доўга думаў, што рабіць далей. Але тут раптам міністр унутраных спраў Шуневіч заяўляе, што “Пагоня” не з’яўляецца незаконным сімвалам і няма ніякіх дакументаў, якія б забаранялі яе выкарыстоўваць на стадыёне”, — гаворыць Сяргей Бахун.

І дасылае ў міліцыю чарговыя просьбы праверыць на адпаведнасць закону дзеянні барысаўскага маёра Паўлаўца. “Магчыма, цяпер яны мне штосьці новае напішуць, пабачым”, — мяркуе балельшчык.

І мае падставы. Справа ў тым, што ў матэрыялах праверкі, якую праводзіў РУУС Барысаўскага раёна, ёсць пісьмовыя тлумачэнні маёра Паўлаўца. Іх у міліцыі паказвалі адвакату Бахуна. Там Паўлавец тлумачыць сваё рашэнне вывесці балельшчыка з трыбуны тым, што ў таго на шаліку герб “Пагоня” быў размешчаны на чырвона-зялёным фоне афіцыйнага дзяржаўнага сцяга (па словах самога Бахуна, шалік у яго выключна бела-чырвоных колераў). Наколькі такія тлумачэнні міліцыянта суадносяцца з нядаўнімі заявамі міністра ўнутраных спраў Шуневіча — можна толькі здагадвацца.

“Чакаю цяпер новага адказу з міліцыі на маю скаргу, дзе спасылаюся на словы Шуневіча. Праз дзесяць дзён прыкладна павінна быць. Калі міліцыя чарговы раз не знойдзе парушэнняў у дзеяннях маёра Вячаслава Паўлаўца, будзем з адвакатам пісаць заяву ў суд. Хай тлумачыць там свае дзеянні”, — гаворыць Сяргей Бахун.

Такім чынам, першы ў гісторыі Беларусі суд паміж футбольным балельшчыкам і міліцыяй за шалік з “Пагоняй” можа адбыцца ўжо ў лістападзе. Цікавае будзе відовішча.

 

Фота Міланы Харытонавай.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі