Ярмошына не выключае пратэстнага галасавання на парламенцкіх выбарах

06/06/2016 - 10:55

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына не выключае, што сёлета на выбарах у Палату прадстаўнікоў можа адбыцца пратэстнае галасаванне.

У каментары агенцтву БелаПАН яна патлумачыла, у якой форме можа адбыцца пратэст: "Пратэстнае галасаванне магчымае, але, думаю, яно будзе ажыццяўляцца болей нагамі. Выбаршчык проста не прыйдзе на выбарчыя ўчасткі, чым рэальна наведае іх, каб прагаласаваць супраць".

Але ў асноўным выбарцы, на думку старшыні ЦВК, будуць галасаваць за стабільнасць. Акрамя таго, на яе думку, выбарцы падтрымаюць тых, хто паабяцае ім нейкія сацыяльныя гарантыі ды льготы.

Як паведамлялася раней, выбары павінны адбыцца 11 верасня. Такім чынам, уся выбарчая кампанія пройдзе ўлетку.

На думку чыноўніцы, летні перыяд адпачынкаў не паменшыць цікавасць людзей да выбараў. Яна кажа, што ў сувязі з эканамічным крызісам не вельмі шмат людзей з'язджаюць з пастаяннага месца жыхарства. "А калі з'едуць, то недалёка і будуць вяртацца ў свае гарадскія кватэры з лецішчаў. Што ж датычыць працэдуры галасавання, то, наадварот, гараджане, якія вярнуліся з лецішчаў, з задавальненнем прымуць удзел у такім гарадскім мерапрыемстве, якім з'яўляюцца выбары", — мяркуе Ярмошына.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі