“Няма справядлівасці. Дзяржава нам паказвае, што справядлівасць ёсць толькі для некаторых людзей і яна нейкая крывая. А для тых, каго б’юць на вуліцы міліцыянты, яе няма і з гэтай дзяржавай яе не будзе”, — распавядае Еўрарадыё Настасся Герыловіч. Днямі 35-гадовую дзяўчыну асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў хатняй хіміі за тое, што сарвала маску з міліцыянта, які ў верасні 2020 года ўдарыў жанчыну ў Жодзіне.
Наста расказала нам, чаму яна вырашыла сарваць маску з міліцыянта і як праходзіў суд над ёю.
Гэты эпізод шмат хто памятае: міліцыянт разварочваецца і б’е па твары жанчыну, якая здымае яго на тэлефон. “Так ударыў, што яе падкасіла і яна ўпала на зямлю. Гэта мяне вельмі ўзрушыла: як жа так? Я пабегла туды і, пакуль бегла, думала, што магу зрабіць”, — прыгадвае той дзень Наста Герыловіч.
Вакол міліцыянта і жанчыны імгненна ўтвараецца натоўп. Сілавіка абступаюць калегі. “Я вырашыла, што трэба зняць маску, каб пасля можна было ідэнтыфікаваць таго, хто біў. У масках міліцыянты ўсе аднолькавыя”, — працягвае Наста.
Калі сілавік застаўся без маскі, ён схапіў дзяўчыну за руку, паваліў і так утрымліваў. Іншыя міліцыянты сказалі яму ісці ў бусік. 7 красавіка ў 6:30 да Герыловіч прыйшлі, з 7-га да 9-га яна сядзела ў ІЧУ і давала паказанні. Пасля дзяўчыну адпусцілі пад заручэнне, а 25 траўня выклікалі ў суд.
Пацярпелым у судзе выступіў участковы Мікалай Бараноўскі. Гэта той самы сілавік, які біў жанчыну, — і так, дзякуючы Насце Герыловіч мы ведаем, як яго завуць.
Бараноўскі запатрабаваў, каб Наста выплаціла яму 600 рублёў у якасці кампенсацыі за маральныя пакуты. Калі адвакатка дзяўчыны Марыя Колесава-Гудзіліна перапытала, якія канкрэтна пакуты ў яго былі, той адказаў: “Мае дзеянні палічыў правільным Следчы камітэт, які даў па гэтай справе заключэнне. Але мае фатаграфіі былі па ўсім горадзе". Адвакатка сказала, што Наста не мае да гэтага дачынення. Рэакцыя Бараноўскага: “Магла быць пашкоджана форма, у маёй асобе была абражаная дзяржава”.
“Маўляў, “я і ёсць дзяржава”, — усміхаецца дзяўчына. — Што зробіш... Далей было шмат недакладнасцяў. Напрыклад, ён казаў, што трымаў адначасова на зямлі і мяне і Ілю [Наіля Гусакова — жанчына, якую ўдарыў Бараноўскі. — Еўрарадыё], такога не было. Але самае цікавае здарылася ў час апошняга слова. Бараноўскі расказаў, што 15 гадоў таму ў Мінску нейкі доктар ратаваў чалавека і біў яго па сэрцы, каб яно завялося. Натоўп вырашыў, што той яго забівае, і забіў гэтага доктара. Маўляў, заўсёды трэба думаць, што робіш. На гэта, канешне, я б запытала: пра што думаў ён, каго ратаваў, калі біў па твары жанчыну?”
Адпачатку дзяржабвінаваўца памочнік пракурора Жодзіна Дзмітрый Ярашэвіч прасіў пакараць Насту пяццю гадамі хатняй хіміі. Дзяўчына адна выхоўвае дзесяцігадовага сына, таму, канешне, ёй было ніякавата.
“Рэч у тым, што за некалькі тыдняў да гэтага па той жа справе быў асуджаны чалавек, які тады штурхнуў Бараноўскага. Пракуратура запатрабавала два з паловай гады хатняй хіміі, а гэты ж суддзя Іван Грынкевіч даў яму адзін год калоніі. Я думала, што, калі пракурор запатрабаваў для мяне пяць, магчыма, сяду на два. Але, відаць, спрацавала тое, што ў мяне сын і што я цалкам прызнала сваю віну, таму ў калонію не накіравалі.
Што яшчэ магу сказаць пра працэс? І суддзя, і пракурор, і Бараноўскі — мужчыны. Была праверка. Відаць, яны лічаць, што міліцыянт усё зрабіў як трэба. Слушныя пытанні задавала толькі адвакатка. Напрыклад, яна запыталася ў Бараноўскага: “Як можна назваць такі метад, калі вы затрымліваеце жанчыну з дапамогай удара па вуху?” Ён мяўся-мяўся, пасля адказаў, што нібы хацеў схапіць яе за каўнер. Але мне здаецца, ён біў, каб ударыць. Ён мог гэта зрабіць — і зрабіў. І дзяржава яго абараняе. Як і мужчын, якія робяць хатні гвалт, а ўлады не прымаюць закон аб супрацьдзеянні. Такія ж самыя рысы, адзін у адзін”.
Наста кажа, што, нягледзячы на прысуд, усё ў яе будзе добра. Ёй шкада толькі, што не атрымаецца павандраваць летам з сынам. Але ёсць бабуля і дзядзька, якія не дазволяць уладам сапсаваць хлопцу вакацыі.
“Я моцна ўражаная тым, што на суд мяне прыйшло падтрымаць шмат людзей: незнаёмыя і знаёмыя, сябры, калегі, родныя, — кажа дзяўчына. — Адчуваць такую салідарнасць прыемна. Мне вельмі падабаецца, што жодзінцы не пакідаюць адно аднаго ў такіх выпадках і ходзяць на суды. І так, я ўпэўнена, што, калі на вуліцы б’юць людзей, праходзіць міма нельга. Ведаю, што Наіля Гусакова, якую тады ударыў міліцыянт, працягвае пісаць скаргі і дамагацца справядлівасці”.
To see this content visit the full version of this page.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут