Іван Краўцоў, Павел Усаў / Euroradio
Днямі ў беларускіх дэмсілах разгарэўся чарговы скандал: у сацсетках актыўна абмяркоўвалі спіс тых, каго запрасілі на калядную сустрэчу з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім, а дакладней — каго не запрасілі.
А “Наша Ніва” апублікавала артыкул, у якім, спасылаючыся на свае крыніцы, напісала, што нібыта палітолага Паўла Усава і прадстаўніка штаба Віктара Бабарыкі Івана Краўцова са спіса выкраслілі “польскія службы”, якія менавіта — не паведамляецца. Праўда, спачатку выданне пісала пра “спецслужбы”.
Еўрарадыё спытала Івана і Паўла, што яны думаюць на гэты конт і чаму, на іх думку, іх не запрасілі на сустрэчу з прэзідэнтам.
Сакратар Каардынацыйнай Рады і сябра штаба Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў расказаў, што “самой адмовы” не бачыў. Пра тое, што яго няма ў спісах, ён даведаўся са слоў іншых людзей.
Таксама Краўцоў падкрэсліў, што “без праблем” удзельнічае ў іншых мерапрыемствах, таму не лічыць, што ў польскіх улад сапраўды ёсць да яго пытанні.
— Тут спекуляваць не буду. Але ў 2020–2023 гадах, калі спісы складалі самі палякі, быў у іх Міхальскі [Артур Міхальскі — былы амбасадар Польшчы ў Беларусі. — Еўрарадыё] — такіх пытанняў не ўзнікала. Потым, як я разумею, змяніўся складальнік гэтых спісаў. У мінулым годзе, наколькі я ведаю, ужо былі падобныя гісторыі.
У размове з Еўрарадыё Павел Усаў сказаў, што спачатку не ведаў ані пра будзь-якія спісы, ані пра сустрэчы.
— Ніхто да мяне не звяртаўся з мэтай удакладнення маіх персанальных дадзеных, якія падаюць абавязкова на такога кшталту мерапрыемства. Ну, канешне, я абсалютна не ведаю нічога адносна ніякіх праверак допускаў і нядопускаў на гэтую сустрэчу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут