"Як усё згарнуць, каб Пуцін не выглядаў тым, хто прайграў": вынікі 20 дзён вайны

15/03/2022 - 09:24
Байцы "Азова" на варожай тэхніцы / t.me/polkazov

Ва Украіне дваццаты дзень ідзе вайна. Якія яе вынікі можна падвесці на цяперашні момант?

— Галоўны вынік у тым, што ў Расіі не атрымаўся бліцкрыг — і ўжо не атрымаецца, — расказвае Еўрарадыё дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Расія не здолела захапіць ні аднаго абласнога цэнтра, акрамя Херсона. Калі паглядзець на карту, то яе кантроль абмяжоўваецца пераважна дарогамі. Гаварыць пра нейкія сур'ёзныя поспехі Расіі не выпадае. Пуцін ужо канкрэтна атрымаў па мордзе ва Украіне.

Украінская ўлада не развалілася знутры. Украіна не загразла ў палітычных супярэчнасцях. А Расія працягвае ваенныя злачынствы. Бамбаванне радзільні ў Марыупалі, напэўна, самае паказальнае з іх. Самы вялікі ва Украіне рускамоўны горад, Харкаў, войска Расіі расстрэльвала артылерыяй і рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню. Гэта ўсё сведчыць пра бяссілле Пуціна і ваенныя злачынствы.

Удар па жылым доме ў Марыупалі / "Всевидящее ОКО"

— Нягледзячы на адсутнасць паспяховага бліцкрыгу, Расіі ўдаецца нарошчваць наступ. Удаецца захопліваць не самыя выдатныя населеныя пункты на ўсходзе Украіны. Паступова ствараць нейкія акупацыйныя адміністрацыі ў захопленых гарадах, — абмалёўвае сітуацыю, якая склалася, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка. — Украіне ўдаецца не толькі супрацьстаяць расійскаму войску, якое колькасна і эканамічна яе пераўзыходзіць. Украіне ўдалося стварыць кансалідаваную пазіцыю Захаду. Я думаю, гэта якраз тое, чаго Расія не чакала. У гэтым сэнсе дыпламатычная перамога на баку Украіны.

Праўкраінскі мітынг у часова акупаваным Херсоне / t.me/dsszzi_official

— Цяперашняя тактыка Украіны заключаецца ў тым, каб мабілізоўваць насельніцтва — напрыклад, уступленнем у тэрытарыяльную абарону, — працягвае Вадзім Мажэйка. — Таксама гэта мабілізацыя знешняй падтрымкі. Каб усе краіны, якія падтрымліваюць Украіну, удзельнічалі ў канфлікце на яе баку. Няхай гэта будуць пастаўкі зброі, гуманітарных грузаў, увядзенне санкцый супраць Расіі.

Расія цяпер разлічвае, мяркуючы па ўсім, на паступовы ціск, на шматмесячны захоп украінскіх гарадоў. Разлічвае на правакаванне гуманітарнага крызісу для ціску на Кіеў.

 

Удары па магчымым электараце

Ці можа Пуцін пасля вестак пра няўдачы расійскага войска страціць цярпенне і аддаць загад на татальнае знішчэнне цывільнай інфраструктуры Украіны?

Акцыя пратэсту супраць уварвання Расіі ва Украіну / unsplash.com

— Я думаю, для Пуціна гэта будзе таіць у сабе небяспеку таго, што Захад можа перагледзець сваё рашэнне і даць Украіне свае зенітна-ракетныя комплексы або самалёты МіГ-29, якія на сёння былі б для Украіны нядрэннай падмогай, — мяркуе Яўген Магда.

— Расійская авіяцыя і артылерыя наносяць пастаянныя ўдары па цывільнай інфраструктуры, — нагадвае Вадзім Мажэйка. — Такія гарады, як Харкаў, Марыупаль, — гэта гарады з рускамоўным насельніцтвам. Наносячы ўдары па рускамоўнай Украіне, Пуцін наносіць удар па сваім магчымым электараце.

Наступствы абстрэлу "выключна вайсковай інфраструктуры" / ДСНС України

Не захапіць, дык пасварыць

Як "рускі свет" планаваў замацавацца ў выпадку перамогі? Кантроль усёй тэрыторыі Украіны — вельмі затратнае мерапрыемства. Да гэтага варта дадаць эканамічную блакаду Расіі і люты супраціў украінцаў.

— План Пуціна заключаецца не ў цэласнай акупацыі Украіны, а ў яе максімальным драбненні, — тлумачыць Яўген Магда. — Расія спрабуе абвясціць так званую ХНР [Харкаўскую Народную Рэспубліку. — Еўрарадыё] — і гэта адзін з кампанентаў гэтага плана.

— Для акупацыі Украіны ў Расіі няма адміністрацыйных, вайсковых і эканамічных сіл, каб утрымліваць такія тэрыторыі. Па сутнасці, у Расіі цяпер няма ніякага зразумелага выйсця для таго, каб аб'явіць сябе пераможцам у вайне, неяк усё гэта згарнуць і каб Пуцін пры гэтым не выглядаў тым, хто прайграў. Так магло б быць, калі б аперацыя была скончаная, умоўна, за тры дні. Быў бы захоплены Кіеў, а марыянеткавы ўрад пагадзіўся на ўсе патрабаванні Расіі, — прыводзіць прыклад Вадзім Мажэйка.

 

Перамовы цяпер не пра канец вайны

Анлайн-перамовы Украіны і Расіі, 14 сакавіка 2022 года / УНИАН — новости Украины

Некалькі раўндаў перамоваў Украіны і РФ не прывялі ні да чога значнага. Што павінна здарыцца, каб дыпламаты змаглі знайсці агульную мову?

— Я не веру ў плённасць перамоваў з РФ. Пазіцыі Украіны і Расіі дыяметральна супрацьлеглыя, — сумняваецца Яўген Магда. — Для таго каб іх зблізіць, патрэбен не толькі здаровы сэнс, якога ў Пуціна няма, але і патрэбен якасны пасярэднік. Ім, магчыма, можа быць прэзідэнт Турцыі. Лукашэнка такім пасярэднікам быць дакладна не можа. Ён ужо заплямлены падтрымкай Пуціна, і ніхто не будзе яго ўспрымаць сур'ёзна як пасярэдніка.

У сённяшняй сітуацыі ўсе хочуць міру. Але Украіна, я думаю, не ўспрыме "мір любой цаной". У нашай сітуацыі мір прадугледжвае атрыманне не толькі расійскіх, але і маштабных міжнародных гарантый. Плюс вывад расійскіх войскаў і выплату рэпарацый украінскаму боку. Калі гэтага не будзе адбывацца, то палітычнае кіраўніцтва Украіны не зможа пайсці на такое пагадненне. Тады мы будзем змагацца далей.

— На мой погляд, цяпер перамовы могуць быць эфектыўныя толькі ў вырашэнні гуманітарных пытанняў, — лічыць Вадзім Мажэйка. — Гэта выгадна і Украіне, таму што яна, як нармальная дзяржава, павінна клапаціцца пра сваіх грамадзян. І выгадна Расіі, якой няма інтарэсу карміць нелаяльнае ёй насельніцтва. Тэарэтычна па гэтых пытаннях можна дамовіцца, і то гэта няпроста.

 

Што будзе далей?

Уцекачы з украінскага горада Буча / t.me/dsszzi_official

— Высокадакладны прагноз у цэлым цяпер даць нельга. Але ўлічваючы, як развіваюцца падзеі, можна сказаць, што галоўным выклікам для Украіны ў найбліжэйшыя месяцы стане аднаўленне цывільнай інфраструктуры. Гэта дасць магчымасць забяспечыць існаванне людзей на левабярэжнай Украіне. Забеспячэнне харчаваннем, забеспячэнне палівам, даступнасць медыцынскай дапамогі. Для таго каб цывільнаму насельніцтву было даступнае больш-менш нармальнае жыццё.

Выклікам для Расіі стане наладжванне жыцця на захопленых тэрыторыях. Для таго каб расійскае войска магло прасоўвацца далей, а не толькі змагацца з партызанскімі дзеяннямі. Шмат у чым ад таго, наколькі Кіеву і Маскве ўдасца вырашыць гэтыя задачы, будзе фармавацца іх імідж у вачах тых, хто жыве на падкантрольных тэрыторыях, — рэзюмуе Вадзім Мажэйка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі