14 лютага Лукашэнка крытыкаваў чыноўнікаў за праверкі, якімі яны замучылі прадпрымальнікаў. На думку кіраўніка Беларусі, прыйшоў час спрасціць умовы, у якіх працуюць бізнесмены. Вось галоўнае, што прагучала на гэтай нарадзе.
"Давайце будзем не перашкаджаць, а дапамагаць развівацца малому бізнесу. Нельга абцяжарваць яго кучай умоўных, непатрэбных патрабаванняў, кожнае з якіх — гэта зачэпка для кантралёра і падстава пакараць прадпрыемства".
1. Зашмат правяраючых. Аляксандр Лукашэнка "лічыць ненармальнай сітуацыю, калі, напрыклад, працэс вытворчасці харчовай прадукцыі кантралююць і ветэрынары, і санітары, і Дзяржстандарт, і іншыя органы".
2. "Некаторыя патрабаванні даходзяць да абсурду, калі выдаткі на іх выкананне перавышаюць даходы ад самой дзейнасці".
3. Для адкрыцця нават невялікай кавярні патрабуецца выкананне 12 адміністрацыйных працэдур. На гэта можа сысці паўгода. "Неабходна перагледзець увесь гэты масіў патрабаванняў да суб'ектаў гаспадарання, якія часам наогул нерэальна выканаць".
4. "Падчас працы вам даводзіцца непасрэдна сутыкацца з мноствам абсурдных патрабаванняў і бясконцай чарадой праверак", — звярнуўся Лукашэнка да бізнесменаў. І заклікаў іх распавядаць аб праблемах, "не баючыся нічога".
1. Стварыць мінімальны набор нарматываў, за выкананнем якіх павінны сачыць правяраючыя органы. "Суб'екты гаспадарання павінны дакладна ведаць свае абавязкі і іх аб'ём. І на гэтым кропка! Больш нічога ад іх патрабаваць не смейце!"
2. Спрашчаць умовы вядзення бізнесу. "Чым больш начальнік ці міністр ліквідуюць рознага роду нарматываў, тым лепш будзе для іх". І яшчэ раз: "Гаворка ідзе пра ліцэнзаванне, але ў першую чаргу пра адміністрацыйня працэдуры, якіх у нас сёння празмерна шмат — больш за дзевяцьсот".
3. Увесці генеральную праверку перад адкрыццём кафэ — і ўсё. "Варта адзін раз праверыць прадпрыемства, напрыклад, перад адкрыццём, на падставе дакладнага пераліку нарматываў, і больш не хадзіць туды з рэвізіямі і праверкамі. Далей, па законе, адказнасць на кіраўніку".
4. Скараціць колькасць праверак. "Працуе прадпрыемства, плаціць падаткі, няма скаргаў — не трэба тузаць людзей, дайце ім магчымасць займацца справай".
5. Не прыцягваць да кантролю за бізнесменамі іх канкурэнтаў. "Гэта прэрагатыва дзяржавы. Але, мабыць, не ўсе гэта разумеюць. Сёння тое ж Міністэрства аховы здароўя пры праверках вытворчасці лекаў прыцягвае РУП "Белфармацыя". А гэта ж не проста камерцыйная арганізацыя. Гаворка ідзе пра канкуруючае прадпрыемства. Як такое разумець?!"
Ён пачаў казаць пра гэта яшчэ ў 2006 годзе. Падрабязней.
"Боязь праверак, і, у прынцыпе, непрапарцыйнае развіццё праверак, безумоўна, перашкаджаюць вядзенню бізнесу, ― кажа старшы аналітык кампаніі "Альпары" Вадзім Іосуб. ― Многія не хочуць весці бізнес менавіта таму, што беспадстаўныя праверкі квітнеюць. Хаця трэба адзначыць, што гэта не адзіная і нават не самая галоўная праблема бізнесу".
Тут, калі казаць коратка, трэба згадаць і, па сутнасці, адсутнасць судовай абароны, калі бізнесу даводзіцца судзіцца з дзяржавай і яго структурамі. Вялікая праблема ― знішчэнне інстытута абмежаванай адказнасці, калі і бізнэсовец, і дырэктар, і галоўны бухгалтар за вынікі дзейнасці прадпрыемства адказваюць ўсёй сваёй маёмасцю, а часта ― і сваёй свабодай. Няма разумення таго, што любы бізнес — гэта рызыка. У вачах чыноўнікаў, калі ты назваўся прадпрымальнікам, ты ці заможны, ці патэнцыйна заможны чалавек. Няма разумення таго, што ты можаш паспрабаваць, выдаткаваць свае грошы, але ў цябе нічога не атрымаецца.