Як адмоўныя цэны на нафту адаб'юцца на эканоміцы Беларусі

22/04/2020 - 11:45
Станок-помпа нафты / Reuters

Тыдзень пачаўся з навін пра адмоўныя цэны на нафту. Ф'ючэрсы амерыканскай нафты маркі WTI у нейкі момант каштавалі амаль мінус 38 долараў. Інтэрнэт адразу пачаў сыпаць мемы і жарты а-ля "я не жабрак, а нафтавы магнат" і прагнозамі наконт чарговага падзення рубля, бо ў пачатку сакавіка, калі рэзка ўпала цана на нафту марак Brent і Urals, мы назіралі сур'ёзную дэвальвацыю.

У аўторак і ў сераду долар і еўра ў Беларусі і праўда пайшлі ўгору. Але незалежны аналітык Сяргей Чалы адразу спыняе і інтэрнэт-гумарыстаў, і аматараў прагнозаў: адмоўныя цэны на WTI — не падстава для дэвальвацыі рубля на 10-15%. Гаворка ў прынцыпе ідзе пра цэны не на фізічную нафту, а на травеньскія ф'ючэрсы:

 

"Ф'ючэрс — па сутнасці гэта дамова куплі-продажу. Калі ты яго набываеш, то ў цябе з'яўляецца абавязацельства да моманту заканчэння яго тэрміну прыняць у сховішча стандартны аб'ём нафты. Але фокус у тым, што цяпер наземныя сховішчы перапоўненыя (асабліва ў Амерыцы) праз рэзкае скарачэнне попыту на нафтапрадукты (дызель, бензін, авіяцыйнае паліва). Таму людзі прадаюць кантракты, каб пазбавіцца ад абавязацельства пастаўкі нафты. І купляюць наступныя ф'ючэрсы — ужо не травеньскія, а чэрвеньскія. Не жаданне ўдзельнічаць у здзелцы, а жаданне пазбавіцца ад яе прывяло да таго, што людзі гатовыя былі пазбаўляцца [ад кантрактаў] па мінімальных цэнах, а фактычна нават даплачваць. Настолькі ім не хацелася прымаць гэтыя фізічныя аб'ёмы".  

Як гэта адаб'ецца на Беларусі?

Сітуацыя на сусветным нафтавым рынку ўлічаная ў формуле цэнаўтварэння для Беларусі. Аднак гэтай формулы няма ў адкрытым доступе. Таму немагчыма сказаць напэўна, як сусветныя цэны ўплываюць на цану нафты для Беларусі, расказвае Еўрарадыё журналіст і эксперт па рынку энерганосьбітаў Таццяна Манёнак:

"Мы не ведаем дэталяў гэтай формулы, але чым ніжэйшая цана ў прынцыпе сусветнай нафты, тым ніжэйшая яна і для Беларусі. Мы ж бачым, што ўжо двойчы канцэрн "Белнафтахім" у красавіку зніжае кошт аўтамабільнага паліва. Тым не менш нам трэба сачыць за Urals, таму што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў красавіку закантрактаваныя з большай доляй расійскай нафты".

Раніцай 21 красавіка чэрвеньскі ф'ючэрс на расійскую нафту маркі Urals упаў амаль у 2,5 раза — да $7 за бараль, а да сярэдзіны дня скарэктаваўся да $9,5. Апошні раз так танна расійская нафта каштавала ў снежні 1998 года. Напярэдадні, 20 красавіка, цэны на Urals з пастаўкай у Паўночна-Заходнюю Еўропу і Міжземнамор'е складалі $17,5 і $17,2 за бараль.

Сусветнае зніжэнне цэн на нафту — медаль з двума бакамі для Беларусі, працягвае Манёнак:

"Адзіны плюс гэтага — назапашванне нафтапрадуктаў па нізкіх цэнах, як робяць і іншыя краіны. Але калі ацэньваць плюсы і мінусы, то для Беларусі, хутчэй, мінусаў больш, калі ўлічваць, што каля 70% ад усяго аб'ёму нафтапрадуктаў, якія вырабляюцца, Беларусь экспартуе. Вядома, калі заводы загружаныя".

Сакавіцкае падзенне цэн на нафту прывяло і да падзення расійскага і беларускага рубля. Цяпер беларускі рубель таннее, але нязначна. А ф'ючэрсы на амерыканскую нафту маркі WTI тым часам выбраліся ў плюс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі