Уладзімір Зяленскі / t.me/V_Zelenskiy_official
"Мы быццам бы сур'ёзныя людзі, а ён прапануе мяне ўзяць. Я яму, што, валіза ці што? Узяць мяне на самалёт і паляцець у Маскву. Навошта?"
Так прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на словы Аляксандра Лукашэнкі.
Напярэдадні кіраўнік Беларусі даваў інтэрв'ю французскаму часопісу Le Point. У ім Лукашэнка прапанаваў Зяленскаму разам адправіцца на сустрэчу з Пуціным у Маскву. "Я як гарант яго бяспекі і іншае, я б мог з ім сесці і прыляцець у Маскву. Сесці і пагаварыць", — перадаюць словы Лукашэнкі дзяржаўныя СМІ Беларусі.
Зяленскі назваў прапанову Лукашэнкі несур'ёзнай і падкрэсліў, што такімі заявамі ён засмечвае інфармацыйную прастору: "Мы знаходзімся ў стане вайны, мы не можам сустракацца ў Маскве, не можам сустракацца ў Кіеве. Мы ўсе гэта выдатна разумеем. Калі хтосьці такое кажа — гэта проста несур'ёзная размова. Гэта значыць, гэты чалавек не набліжае нас да завяршэння вайны".
У адказ на словы Лукашэнкі Зяленскі прапанаваў, што той можа ўзяць Пуціна і прыляцець з ім разам у Кіеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут