«Арэшнік» / digirpt.com
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман лічыць, што вываз ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі нічога прынцыпова не зменіць для суседніх краін без юрыдычна замацаваных гарантый. Па яго словах, Расія на такія абавязацельствы не пойдзе. Такое меркаванне ён выказаў у эфіры Еўрарадыё.
Фрыдман нагадаў, што інфармацыя пра ядзерную зброю ў Беларусі застаецца супярэчлівай.
Нават калі яе вывезці з краіны ў Калінінградскую вобласць, для Літвы ці Польшчы "прынцыпова абсалютна нічога не зменіцца", лічыць Фрыдман. Перавозка ў Бранскую ці Смаленскую вобласці таксама амаль нічога не зменіць.
На думку Фрыдмана, сітуацыя была б іншай пры наяўнасці юрыдычна замацаваных абавязацельстваў: падпісанага дагавора або афіцыйнага пацверджання таго, што Расія не будзе размяшчаць у Беларусі ядзерную зброю, ракеты і іншыя ўзбраенні на працягу 10, 20 ці 100 гадоў.
"Але Расія на гэта не пойдзе", — лічыць эксперт. Фрыдман упэўнены, што заўсёды такую зброю можна завезці назад — "Лукашэнка папросіць".
Як гэта было і раней, калі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў, што ядзерную зброю папрасіў ён, а не Расія прыняла такое рашэнне.
Чым часцей Лукашэнка гэта паўтарае, тым большая ўпэўненасць Фрыдмана ў тым, што беларускі лідар "увогуле не мае да гэтага дачынення" і што пытанне цалкам расійскае.
Па яго словах, юрыдычныя абмежаванні для Расіі ў дачыненні да Беларусі павялічылі б самастойнасць Лукашэнкі і іншых беларускіх кіраўнікоў.
Але на думку Фрыдмана — гэта "абсалютна не ў інтарэсах Расійскай Федэрацыі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут