Кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Нафтавая пляма памерам на два Мінскі падбіраецца да берагоў Кіпра, а талібы паказваюць жанчынам іх месца. Ва ўрадзе.
Украінскі лідар Уладзімір Зяленскі сёння сустракаецца з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.
На самай справе ўсё вельмі цікава. Для папярэдніка Байдэна — Дональда Трампа — адна памятная тэлефонная размова з Зяленскім абярнулася справай аб імпічменце.
У той тэлефоннай размове гаварылі пра Хантэра Байдэна — сына цяперашняга прэзідэнта. Ён у свой час уваходзіў у савет дырэктараў буйной украінскай газавай кампаніі. Трамп хацеў, каб у дачыненні да Хантэра пачалі расследаванне аб карупцыі.
На думку дэмакратаў, экс-прэзідэнт тады ціснуў на Зяленскага. Па словах Зяленскага, "ціснуць" на яго могуць толькі яго дзеці.
Карацей, паглядзім, ці будзе цень той непрыемнай для 45-га прэзідэнта ЗША тэлефоннай размовы лунаць у Белым доме ў час сустрэчы Зяленскага з 46-м прэзідэнтам.
У адміністрацыі, зрэшты, гавораць толькі пра тое, што гэтая сустрэча — паваротны момант у адносінах дзвюх краін, якія спрабуюць вывесці партнёрства на новы ўзровень.
Зяленскі хацеў перагаварыць з Байдэнам да таго, як амерыканскі прэзідэнт сустрэнецца са сваім калегам Уладзімірам Пуціным у Жэневе гэтым летам. Але графік склалі інакш.
Але вас, вядома, цікавіць, што Байдэн думае пра сітуацыю ў Афганістане. Байдэн кажа так: вывад войскаў паклаў канец буйным ваенным аперацыям ЗША па "пераробліванні" іншых краін.
Цяпер Афганістан думае, як перарабіць сябе сваімі сіламі, а талібы рыхтуюцца абвясціць новы склад урада. Чакаецца, што ён будзе інклюзіўным — па мерках "Талібана". Некалькі жанчын увойдуць туды, але зоймуць не вельмі высокія пасады. Міністэрскія пасады будуць ім недаступныя.
Ніхто з тых, хто ўваходзіў ва ўрад у апошнія 20 гадоў, не зможа зноў заняць там месца.
На найбуйнейшым нафтаперапрацоўчым сірыйскім заводзе адбыўся разліў нафты. Нафтавая пляма расплываецца па Міжземным моры і можа ўжо сёння дабрацца да Кіпра. Учора ўвечары да ўзбярэжжа заставалася ўсяго сем кіламетраў.
Праблемы пачаліся 23 жніўня. Высветлілася, што працякае цыстэрна, у якой знаходзіцца 15 тысяч тон нафты.
Журналісты СNN прааналізавалі спадарожнікавыя відарысы і кажуць, што разліў большы, чым меркавалася. Нафта разлілася ўжо на 800 квадратных кіламетраў — па плошчы гэта прыкладна 2,5 Мінска.
Турцыя, якая мае агульную мяжу і берагавую лінію з Сірыяй, ужо дапамагае ўзяць сітуацыю пад кантроль. На Кіпры таксама сказалі, што гатовыя дапамагчы.
Сёння адкрываецца Венецыянскі кінафестываль. Гэта адзіны з найбуйнейшых аглядаў кіно, які пандэмія не толькі не спыніла, але нават у анлайн не завяла.
Усё гэта вельмі сімвалічна: Венецыі да эпідэмій не прывыкаць. Нават слова "каранцін" прыдумалі ў Венецыі: калісьці судны швартаваліся пры берагу на сорак дзён. Так высвятлялі, ці не прывёз экіпаж з сабой чуму.
Маскі ў Венецыі цяпер носяць не толькі ў дні карнавалу. Усе госці фестывалю ў памяшканнях абавязаны засцерагчы сябе і навакольных. Супрацоўнікі і госці фестывалю павінны прад'явіць адмоўны тэст на COVID-19, сертыфікат аб вакцынацыі або даведку пра тое, што толькі-толькі перахварэлі і антыцелы ў арганізме яшчэ ў дастатковай колькасці.
Сёлета фестываль адкрыецца новай карцінай іспанскага рэжысёра Педра Альмадовара. Ён працаваў над ёй у дні самага жорсткага каранціну ў Іспаніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут