Выказваем заклапочанасць: прайшла першая прэс-канферэнцыя талібаў

17/08/2021 - 18:13
Кароткі агляд важных сусветных навін

Свет адыходзіць ад шоку пасля вокамгненнага захопу талібамі Афганістана. Гаіці наўрад ці можа адысці ад шоку пасля разбуральнага землятрусу, у якім загінулі амаль паўтары тысячы чалавек.

Сцісла расказваем пра важныя падзеяі ў свеце.

 

Першая прэс-канферэнцыя Талібану

"Талібан" даў сваю першую прэс-канферэнцыю з афганскай сталіцы. Прадстаўніка талібаў цытуе ВВС. Вось галоўнае, што казалі на прэс-канферэнцыі.

Па-першае, "Талібан" абвясціў гэты дзень "момантам гонару", бо з краіны, нарэшце,"выгналі замежнікаў".

Па-другое, СМІ могуць працягваць працаваць, "Талібан" лічыць, што неперадузятасць вельмі важная. Крытыкаваць талібаў можна, каб яны маглі рабіцца лепшымі. Але працаваць "супраць іх" нельга.

Па-трэцяе, "Талібан" хоча пераканацца, што Афганістан больш не з'яўляецца полем баявых дзеянняў. Ён памілаваў усіх, хто змагаўся супраць. І больш не хоча мець ні ўнутраных, ні знешніх ворагаў.

"Варожасці прыйшоў канец", — сказаў прадстаўнік талібаў.

 

Ці не?

І тут з'яўляецца віцэ-прэзідэнт Афганістана Амрула Салех і аб'яўляе сябе новыя часовым прэзідэнтам. Што?

Пасля таго, як экс-лідар Ашраф Гані эвакуяваўся з краіны, сумненняў у тым, што Кабул здадзены, быццам бы не заставалася. Але Салех напісаў у "Твітар", што ён застаецца ў Афганістане і звярнуўся да ўсіх лідараў, выказваючы надзею атрымаць іх падтрымку.

Афганцаў ён заклікаў далучыцца да супраціву Талібану. І яшчэ ў нядзелю паабяцаў, што "ні пры якіх умовах" не здасца талібам.

Увогуле, пакуль не зразумела, ці ўдасца талібам жыць у Афганістане без унутраных ворагаў.

 

Катастрофа на Гаіці

Разбураны дамы, цэрквы, школы. У лякарнях спрабуюць дапамагчы параненым, але самі лякарні могуць абрынуцца. Усё гэта — вынік землятрусу ў Гаіці.

Прынамсі 1419 чалавек загінулі. Параненых — больш за 6,9 тысяч чалавек. Колькі лічыцца зніклымі без вестак, да гэтага часу незразумела.

І на гэтым пакуты людзей тут, здаецца, не скончыліся. Трапічны шторм Грэйс рухаецца ў іхны бок, чакаюцца моцныя ападкі.

Гэта тая самая Гаіці, якая знаходзіцца ў палітычным крызісе. Тая самая Гаіці, дзе месяц таму застрэлілі прэзідэнта. І тая самая Гаіці, дзе не так даўно — у 2010 годзе — ад землятрусу загінулі 200 тысяч чалавек. Адным словам, адна з частак свету, якой зараз вельмі патрэбна дапамога.

 

Не паеду з Кабула

Але зноў вяртаемся ў Кабул. Ветэран брытанскай Каралеўскай марской пяхоты Пол Фартынг заснаваў тут прытулак для жывёл. І сказаў, што не пакіне горад без сваіх калегаў. Многія з іх — жанчыны. І брытанец баіцца таго часу, калі вока сусветнай супольнасці перастане так пільна сачыць за Афганістанам.

Што будзе з яго калегамі, якія за гэтыя гады вывучыліся на ветэрынараў і паспяхова працавалі, будавалі сваё жыццё?

Пакуль што Брытанія дапамагае пераехаць толькі перакладчыкам і дзяржслужбоўцам. Марскі пехацінец сказаў адназначна: без сваіх калегаў-ветэрынараў ён Кабул не пакіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі