Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла ўказ аб увядзенні ваеннага становішча

26/11/2018 - 19:40

Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла ўказ аб увядзенні з 28 лістапада ваеннага становішча. Галасаванне адбылося пасля эмацыйнага выступлення перад дэпутатамі прэзідэнта Пятра Парашэнкі. "За" прагаласавалі 276 дэпутатаў, супраць — 30, устрымаўся 1, 23 дэпутаты не галасавалі.

Спачатку планавалася ўвесці ваеннае становішча на 60 дзён, пасля Парашэнка зменшыў тэрмін да 30 дзён. Нарэшце ваеннае становішча было вырашана ўвесці толькі ў абласцях, якія мяжуюць з Расіяй і Прыднястроўем. Былі гарачыя спрэчкі, даходзіла да сутычак і абразаў. Прэзідэнту даводзілася прасіць не мацюкацца ў зале. Пётр Парашэнка паабяцаў, што неабходныя захады будуць прымацца толькі ў выпадку наземнай агрэсіі Расіі.

Прычынай увядзення ваеннага становішча сталі трывожныя падзеі ў Керчанскім праліве, дзе расіяне заблакавалі праход у Азоўскае мора ўкраінскім буксіру і двум катэрам, якія ішлі з Адэсы ў Марыупаль. Іх абстралялі і захапілі расійскія спецназаўцы. Сярод украінскіх маракоў ёсць параненыя.

Таксама Вярхоўная Рада зацвердзіла дату правядзення прэзідэнцкіх выбараў — 31 сакавіка 2019 года.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі