Вянгерскі перад судом з’ехаў за мяжу зарабляць грошы на штраф БАТЭ

17/11/2017 - 12:41

Жыхар Вілейкі Аляксандр Вянгерскі перад судом з’ехаў за мяжу зарабляць грошы на штраф БАТЭ. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю “Народнай волі”. Як вядома, Вянгерскі з бел-чырвона-белым сцягам выбягаў на поле падчас матчу Лігі Еўропы БАТЭ — “Арсенал” на “Барысаў-Арэне”. Яго затрымалі, малады чалавек адсядзеў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. За ўчынак Аляксандра Вянгерскага футбольны клуб БАТЭ быў аштрафаваны на 5 тысяч еўра і падаў рэгрэсны іск да заўзятара. 1 снежня справу мусіць пачаць разглядаць суд Вілейскага раёна (па месцы прапіскі Вянгерскага).

“Я зараз знаходжуся за мяжой, працую, — кажа ў інтэрв’ю “Народнай волі” Венгерскі. — Спадзяюся, што суд аб’ектыўна разбярэцца ў абставінах справы, але для мяне не будзе трагедыяй, калі працэс прайграю”. У якой краіне працуе, хлопец не сказаў. Ён падкрэсліў, што з’ехаў менавіта для таго, “каб зарабіць грошы на аплату штрафу”. Хаця гэтыя сродкі і збіраецца перадаць “наўпрост у дзіцячы дом”. Да таго часу ў Беларусь ён не вернецца.

“Я прынцыпова хачу паказаць, што гатовы адказваць за свае дзеянні, але на дабрачыннасць грошы перадам сам, — распавядае заўзятар. — Калі ж барысаўчане яшчэ 5 тысяч еўра адсудзяць, то і гэтую суму, думаю, грамадой знойдзем. Няхай ім будзе лягчэй на душы і сэрцы”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі