Вялікаму брату дрэнна: за што Synesis патрапілі пад еўрапейскія санкцыі

18/12/2020 - 17:25
Прадукт Synesis дазваляе дзяржорганам у тым ліку распазнаваць асобы​

Беларуская фірма Synesis стала першай IT-кампаніяй, якая патрапіла пад еўрапейскія санкцыі. Аргументы Рады ЕС такія: кампанія прадаставіла ўладам платформу для відэаназірання, якая дазваляе распазнаваць твары. Еўрачыноўнікі ўпэўненыя, што, падтрымліваючы рэжым Лукашэнкі, Synesis здабывае выгаду.

У самым Synesis ўжо заявілі, што плануе аспрэчваць уключэнне ў "чорны спіс". Кампанія лічыць, што для гэтага "няма ніякіх юрыдычных або рацыянальных падстаў".

Чым займаецца кампанія Synesis і ці сапраўды яна дапамагае ідэнтыфікаваць пратэстоўцаў?

Змяніць грамадзянства дзеля тэндэраў

Сузаснавальніка — і самы медыйны твар Synesis — завуць Аляксандр Шатроў. У Беларусь ён прыехаў з Расіі. Яшчэ пра яго вядома, што яго бацька калісьці працаваў у КДБ СССР.

Сваю кампанію ў Беларусі Шатроў, зацікаўлены ўмовамі для вядзення IT-бізнесу ў краіне, зарэгістраваў у 2007-м. Спачатку яна займалася распрацоўкай ПЗ на замову, а да 2014-га сканцэнтравалася на ўласных прадуктах. Неўзабаве гэта прывяло Synesis да буйной дзяржзамовы.

Шатроў, які захоўваў расійскае грамадзянства, быў вымушаны яго памяняць у 2018-м — дзеля працы з уладамі. Вось як ён тлумачыў гэта ў інтэрв'ю Dev.by:

Гэта была адна з ліній абароны. Мы планавалі ўдзельнічаць у тэндэры, каб стаць аператарам сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. І мы палічылі, што гэта можа быць адной з рызык, калі нашы патэнцыйныя канкурэнты могуць выкарыстоўваць факт майго расійскага грамадзянства, каб сказаць: "Як жа так, кампанія, якая будзе аператарам рэспубліканскай сістэмы маніторынгу ў Рэспубліцы Беларусь, уладаецца, хоць бы часткова, не грамадзянамі Беларусі?"

Вялікі брат сочыць

Той самы тэндэр, дзеля якога Шатроў змяніў грамадзянства, праводзіўся на права стаць тэхнічным аператарам рэспубліканскай сістэмы маніторынгу. Створаная паводле ўказу Лукашэнкі, гэтая сістэма планавалася як "вялікі брат" па-беларуску. Вось што казаў пра гэта сам Лукашэнка:

Падобную сістэму [відэаманіторынгу. — Еўрарадыё], якая ў нас існуе, трэба не проста мадэрнізаваць, а давесці да сучаснага ўзроўню, каб мы маглі атрымаць ад яе максімальную аддачу. Апошнія падзеі якраз сведчаць, што нам спатрэбілася б такая сістэма.

Больш канкрэтна пра "апошнія падзеі" Лукашэнка не казаў, але сказана гэта было праз два дні пасля Дня Волі-2017, які быў жорстка падаўлены.

Стварэнне сістэмы прадугледжвала не толькі ўстаноўку большай колькасці камер вонкавага назірання, але і аб'яднанне іх у адну сетку, і ўкараненне ПЗ для аналізу дадзеных. Ролю тэхнічнага аператара тут нельга недаацэньваць. Бо адна справа — развешваць камеры па ўсіх кутах, а іншая — прымусіць сістэму працаваць.

Ужо ў 2018-м быў праведзены тэндэр па лоце "Выбар тэхнічнага аператара рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі". Дэ-юрэ гэта быў адкрыты конкурс, таму без заяўленага кошту. Перамагла фірма "24х7 Паноптес" — гэта "дачка" Synesis, занятая распрацоўкай флагманскага прадукту пад назвай Kipod. Гэта значыць, той самай сістэмай відэаназірання і распазнання твараў.

Да 2021 да Kipod плануецца падключыць 13 тысяч камер па ўсёй Беларусі. У жніўні 2019-га заяўлялася пра дзве тысячы камер, пераважна ў сталіцы.

Дэманстрацыя Kipod / CityDog

Праграма можа ідэнтыфікаваць твар на выяве і распазнаць яго на аснове інфармацыі з базы дадзеных,расказвае "Беларусь сегодня" дырэктар "24х7 Паноптес" Аляксей Кныш. Дарэчы, ён больш за 20 гадоў працаваў у праваахоўных органах.

Падрабязна гаварыў пра магчымасці сістэмы ў эфіры СТБ і кіраўнік распрацоўкі прадукту Аляксандр Казак.

Атрымліваецца, што з адной і той жа карцінкі мы хочам і зафіксаваць парушэнні, і знайсці транспартны сродак, распазнаць нумар транспартнага сродку, і знайсці аўтамабіль альбо чалавека па колеры або па вобразе. То-бок, не толькі з твару, але яшчэ па нейкіх іншых прыкметах, будзь тое верхняя вопратка, напрыклад, альбо нейкія аксэсуары: торба, багаж і гэтак далей.

Апісанне ідэальна пасуе для таго, каб ідэнтыфікаваць пратэстуючых. Але Synesis актыўна гэта абвяргае.

"Ні капейкі"

Распавядаючы, што будуць аспрэчваць уключэнне ў санкцыйны спіс, у Synesis асабліва адзначылі, што тэхналогія распазнання твараў ніколі не выкарыстоўвалася і фактычна не можа быць выкарыстаная для ўстаноўкі ўдзельнікаў антыўрадавых пратэстаў у Мінску ці дзеячаў беларускай апазіцыі. 

Платформа Kipod прызначана для выяўлення загадзя ідэнтыфікаваных асоб, загружаных у базу дадзеных (злачынцаў, зніклых без вестак, уключаючы зніклых без вестак дзяцей, якія знаходзяцца ў росшуку, і г. д.), але не здольная ідэнтыфікаваць людзей па запісах.

А цяпер пераводзім на больш простую мову: сістэма можа распазнаць любога чалавека з адмысловай базы. А вось хто там апынецца: зніклы без вестак, злачынца або "грамадзянін дэструктыўных поглядаў", — залежыць ад МУС.

Як аргумент у кампаніі спрабуюць выкарыстоўваць і тое, што яны "ніколі не атрымлівалі плацяжоў ад Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ці якіх-небудзь беларускіх праваахоўных органаў". Аднак відавочна, што тэхнічным аператарам сістэмы маніторынгу Synesis стала не дзеля дабрачыннасці. Хоць варта адзначыць, што ў тэндэры на выбар тэхаператара няма інфармацыі пра ўзнагароду.

У Кіpod можна загрузіць здымак чалавека і знайсці запісы камер з яго ўдзелам / Мінск-Навіны

Затое вядомыя тарыфы для тых, хто падключае свае камеры відэаназірання да Kipod. Іх зацвярджае Саўмін. Там, можна сказаць, абаненцкая плата. Напрыклад, толькі за захоўванне інфармацыі — больш за 100 рублёў.

Чым больш камер падключана да сістэмы — тым больш выручка. Вельмі зручна: атрымліваеш грошы дзякуючы МУС, але не ад МУС, а толькі ад гаспадарчых суб'ектаў.

Чаму Synesis так хвалюецца з-за санкцый

Трапленне ў санкцыйны спіс гіпатэтычна можа сур'ёзна ўдарыць па Synesis. Так, у асноўным кампанія пастаўляе прадукты для Беларусі і Расіі, але ёсць бізнес-інтарэсы і на Захадзе.

Так, у кампаніі ёсць свая фірма ў ЗША. Увосень 2019-га было заяўлена аб адкрыцці офіса продажаў у Крамянёвай даліне, прычым прадаваць хацелі менавіта Kipod. У тым жа годзе Synesis заявіла аб выхадзе на еўрапейскі рынак пры падтрымцы карпарацыі Intel.

Пасля патрапляння пад еўрапейскія санкцыі аб супрацоўніцтве з міжнароднымі карпарацыямі можна забыцца, як і аб замежных продажах. Пад пытаннем і супрацоўнікі, якія працуюць у ЗША, бо ў выпадку блакавання рахункаў дзейнасць філіяла будзе прыпыненая.

Гэта тычыцца не толькі галаўной кампаніі, але і цэнтраў распрацоўкі, зарэгістраваных у Расіі. Зрэшты, самой "24х7 Паноптес" у санкцыйным спісе няма — толькі галаўная кампанія. Ці будуць санкцыі распаўсюджвацца на ўсе праекты карпарацыі Шатрова — пакуль пытанне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі