Відэаблогер Ціханоўскі можа не выйсці на свабоду да прэзідэнцкіх выбараў?

19/05/2020 - 14:41

Відэаблогер Сяргей Ціханоўскі ("Краіна для жыцця") можа не выйсці на свабоду да прэзідэнцкіх выбараў. Ён адбывае адміністрацыйны арышт у Гомелі. Аднак штодня яго працягваюць судзіць і дадаваць па 15 сутак арышту.

Ціханоўскі вядомы сваімі відэаролікамі пра жыццё людзей у рэгіёнах нашай краіны. 6 траўня падчас адной з чарговых паездак яго затрымалі і адправілі ў Гомель адбываць 15 сутак адміністрацыйнага арышту па ранейшым прысудзе. Але 18 траўня стала вядома пра чарговыя 15 сутак, прысуджаныя блогеру за сустрэчы з людзьмі ў Оршы і Брэсце. Аднак, насамрэч да тэрміну Сяргея Ціханоўскага дадалі 30 сутак. 19 траўня яго зноў прывезлі ў суд Савецкага раёна Гомеля. За сустрэчы з людзьмі ў Салігорску і Міёрах Ціханоўскі атрымаў яшчэ 15 сутак арышту. Яго прызнаюць вінаватым у арганізацыі "несанкцыянаваных сходаў". Сам відэаблогер з гэтым не пагаджаецца, кажа, што проста размаўляў з людзьмі.

Па словах Сяргея Ціханоўскага, на яго склалі яшчэ 7 адміністрацыйных пратаколаў. А гэта можа азначаць толькі адно: на волю ў бліжэйшыя месяцы ён можа не выйсці. Як вядома, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначылі на 9 жніўня. Ціханоўскі хацеў у іх паўдзельнічаць, але яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Тады на выбары пайшла яго жонка Святлана.

Праваабаронцы нагадваюць, што раней падобная сітуацыя была з відэаблогерам Зміцерам Казловым (Шэрым катом). Яму за акцыі снежня 2019-га супраць інтэграцыі з Расіяй агулам далі 120 сутак арышту. Але пасля 26 сутак у ізалятары яго вызвалілі. Астатні тэрмін застаецца "вісець".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі