Іх норавы / калаж Еўрарадыё
У Польшчы затрымалі двух расіян, што расклейвалі на слупах заклікі далучацца да ПВК Вагнера. Заклікалі і клеілі яны нядоўга — абодвум выстаўленыя абвінавачанні ў шпіянажы.
З гэтай навіны вынікае, што ў адносінах Расіі і цывілізаванага свету, на жаль, нічога новага не адбываецца. Але гэта не значыць, што нічога не адбываецца і ў іншых частках свету! Пра гэта і раскажам.
Вайсковая хунта Нігера плануе прыцягнуць да адказнасці зрынутага прэзідэнта Махамеда Базума. За што? За дзяржаўную здраду!
То-бок хунта не плануе саступаць міжнароднаму ціску і вяртаць уладу.
Базума трымаюць у падвале яго ж прэзідэнцкага палаца ўжо каля трох тыдняў. Разам з ім утрымліваюць жонку і сына. Кажуць, што ён вельмі моцна схуднеў, а яго сыну, які пакутуе на хранічнае захворванне, адмовілі ў меддапамозе.
Доктар, які днямі наведваў прэзідэнта, кажа, што насуперак усяму гэтаму Базум у добрым настроі.
Зняволіць апанента разам з сынам, трымаць сям'ю ў бесчалавечных умовах — Беларусь змудрылася зрабіць гэта раней, чым Нігер.
І чарговая навіна для аматараў сачыць за чужымі выбарамі. Ёсць немалая імавернасць, што новым прэзідэнтам у Аргенціне стане фанат Дональда Трампа, ультраправы палітык, былы тэлевядоўца Хаўер Мілей.
У краіне прайшлі праймерыз. У іх бяруць удзел кандыдаты ў прэтэндэнты ад усіх партый, і іх звычайна разглядаюць як "шар прадказанняў" для прэзідэнцкіх выбараў. Якія вынікі на праймерыз, такія будуць і на прэзідэнцкіх.
І Мілей перасягнуў усе чаканні, набраўшы 30% галасоў. Аргенцінскія СМІ назвалі вынік "палітычным землятрусам", а аргенцінская газета La Nación параўнала вынікі праймерыз з цунамі.
Нагадваем, зусім побач з Аргенцінай толькі-толькі скончыўся адзін палітычны землятрус — выбары ў Бразіліі. Там народ ледзь змог выбраць паміж правым Жаірам Балсанару (яго яшчэ называлі "трапічным Трампам") і левым Лулай да Сілвай. І вось цяпер тое самае будзе рабіць Аргенціна.
Калі беларусы дачакаюцца магчымасці прагаласаваць на выбарах, нас, магчыма, чакае той жа выбар.
Пакуль дзесьці падзей праз край, дзесьці адчайна шукаюць уражанняў. І гэтае "дзесьці" — паміж Твітарам (або Х) і Threads.
Вы памятаеце пра планы ўладальнікаў гэтых дзвюх сацсетак арганізаваць бой у клетцы? Некалькі месяцаў мільярдэры падбухторвалі адзін аднаго.
На мінулым тыдні Марк Цукерберг сказаў, што прапанаваў апаненту дату — 26 жніўня. А Ілан Маск прыдумаў месца і намякнуў, што гэта будзе нешта на тэму Старажытнага Рыма. Тут яшчэ з'явіўся і міністр культуры Італіі і пацвердзіў, што сапраўды гаварыў з Маскам.
У нядзелю Цукерберг напісаў, што Маск не ўзгадніў прапанаваную ім дату. Маўляў, яму патрэбная аперацыя на лапатцы, перш чым ён зможа ўдзельнічаць у баі.
"Калі Ілан калі-небудзь сур'ёзна задумаецца пра сапраўдную сустрэчу і афіцыйнае мерапрыемства, ён ведае, як звязацца са мной. У адваротным выпадку час рухацца далей", — напісаў Цукерберг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут