Ва Украіну ўжо з'ехалі каля 1200 беларускіх айцішнікаў

15/10/2020 - 18:20

Ва Украіну ўжо з'ехалі каля 1200 беларускіх айцішнікаў. Гэтую лічбу назваў dw.com намеснік міністра па лічбавай трансфармацыі Украіны Аляксандр Барнякоў. Паводле яго слоў, гэтыя беларусы прыехалі ва Украіну пасля прэзідэнцкіх выбараў і пратэстаў: каля 200 — у жніўні, астатнія — у верасні. "Плынь расце, таму што сітуацыя [ў Беларусі] не супакойваецца", — падкрэсліў украінскі міністр.

Дырэктар Інстытута сацыяльна-эканамічнай трансфармацыі Ілля Несхадоўскі кажа, што "калі прыехала 1200 спецыялістаў, то, груба кажучы, атрымліваецца 120 мільёнаў долараў у год дадатковых паступленняў валюты ва Украіну". Заробак ІТ-спецыяліста складае $2-7 тысяч на месяц. Украінскіх чыноўнікаў радуе, што частку гэтых грошай ён будзе траціць ва Украіне.

Як паведамляла Еўрарадыё, у пачатку кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб прыцягненні на працу беларускіх айцішнікаў. Улады Беларусі ўспрымаюць яго "як відавочна несяброўскі і дыскрымінацыйны крок украінскага боку". У МЗС нашай краіны амбасадару Украіны Ігару Кізіму ўручылі ноту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі