Батарэя, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Жыхары старой часткі Барысава скардзяцца, што ў іх нечакана адключылі ацяпленне і гарачую ваду, піша Mlyn.by. Прычым адбылося гэта акурат у мінусавую тэмпературу на дварэ.
Скардзяцца пераважна жыхары шматкватэрных дамоў па вуліцы Нармандыя-Нёман, дзе раней працаваў завод "Прыборы". Людзі падкрэсліваюць, што камунальнікі не назвалі тэрміны адключэння.
Ва ўнітарным прадпрыемстве "Жыллё" заявілі, што адключэнне планавае і запэўнілі, што цяпер у дамы па вуліцы Нармандыі-Нёман зноў падаюць цяпло і гарачую ваду. Праўда, не ва ўсе: у некалькіх дамах працягваюцца аднаўленчыя работы, таму батарэі там застаюцца халоднымі.
Але і пасля падачы ацяплення жыхары не змогуць доўга радавацца гарачым батарэям. Неўзабаве іх зноў адключаць на планавыя работы.
Тыдзень таму жыхары Барысава ўжо заставаліся без цяпла. Тады адключылі 175 дамоў, 16 установаў адукацыі, 3 установы аховы здароўя і Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прычынай назвалі аварыю на цепламагістралі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут