"Ва Украіне вырашаецца лёс усяго рэгіёна": навошта беларус паехаў на вайну

01/04/2022 - 09:44
Беларусы ў складзе інтэрнацыянальнага антыаўтарытарнага падраздзялення тэрабароны / фота з архіва Яўгена

Яўген родам з беларускага горада Баранавічы. Баранавіцкі аэрадром з пачатку вайны выкарыстоўваецца расійскімі войскамі для нападу на Украіну. Яўген тым часам знаходзіцца пад Кіевам.

Пасля жніўня 2020 года ён быў вымушаны выехаць у Польшчу праз рэпрэсіі. А цяпер вырашыў, што павінен адправіцца ваяваць на баку Украіны.

Еўрарадыё даведалася, за што беларус паехаў змагацца, чаму даўно да гэтага рыхтаваўся і лічыць, што вайна — гэта надоўга.

 

 

"Тут вырашаецца не проста лёс Украіны"

Яўген трапіў ва Украіну 8 сакавіка, а 9-га ўжо з'явіўся ў размяшчэнні тэрабароны. Яго падраздзяленне незвычайнае — гэта інтэрнацыянальнае антыаўтарытарнае падраздзяленне.

— Тут служаць людзі з анархісцкімі, неаўтарытарнымі левымі поглядамі і тыя, хто ім спачувае. Большасць хлопцаў — украінцы, на другім месцы беларусы. Ёсць з Расіі, Заходняй Еўропы і нават канадцы. Усяго 50 чалавек. У тым ліку дзяўчаты з баявым досведам. Адна з іх — вайсковы медык, — расказвае Яўген.

Пасля таго як наш суразмоўнік быў вымушаны пакінуць дом праз рэпрэсіі, ён стаў рыхтавацца да вайны.

— Беларуская гісторыя паказвае, што мірны пратэст не працуе са звар'яцелымі дыктатарамі. На жаль, у 2020 годзе ў беларусаў не было сілавога блока, які мог бы ўзяць на сябе супраціў рэжыму. З моманту, як я прыехаў у Польшчу, я пачаў рыхтавацца да вайны. Мяркуючы па тым, як у беларускі батальён Каліноўскага арганізавана з'язджаюцца мужчыны, я быў такі не адзін.

Разлік быў на тое, што сілы спатрэбяцца, калі ў Беларусі зноў успыхнуць пратэсты, як у жніўні 2020 года.

— Як толькі я пачуў пра тое, што ва Украіне, магчыма, пачнецца вайна з Расіяй, я зразумеў, што я павінен прыняць у ёй удзел. Ва Украіне вырашаецца не проста лёс Украіны, а ўсяго рэгіёна. Калі мы зможам перамагчы расійскі імперыялізм, ёсць надзеі, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца да лепшага найбліжэйшым часам.

"Не служыў у войску, але давялося надзець вайсковую форму"

Пакуль у баявых дзеяннях Яўгену не давялося ўдзельнічаць. Звычайна яго дзень складаецца з фізічных трэніровак, тэарэтычных заняткаў, каравулаў. Бываюць начныя патрулі.

— У мяне няма баявога досведу. Я нават у беларускім войску не служыў з прынцыповых меркаванняў. Сітуацыя змянілася, і давялося надзець вайсковую форму.

У Яўгена часта пытаюцца, як ён мог адправіцца ваяваць, калі ён анархіст. Бо гэта павінна супярэчыць яго поглядам.

— Як нам кажуць: чаму мы ваюем за Украіну? Не за Украіну. Так, тут шмат праблем, якія я як анархіст крытыкую. Але ў Расіі сітуацыя ў шмат разоў горшая. Правы ўкраінцаў і свабоды, якія людзі выбілі ў барацьбе з дзяржавай на Майдане, да Майдана, усе нізавыя структуры будуць знішчаныя, калі Расія пераможа.

 

"Давядзецца жыць з пачуццём віны, калі кагосьці заб'ю"

Пакуль што ў размяшчэнні даволі ціха, але ніколі не ведаеш, што будзе заўтра. Магчыма, давядзецца забіваць або проста не прачнешся праз удар ракеты. Усведамленне блізкасці смерці, як сваёй, так і чужой, ёсць, адзначае Яўген.

Яўген у Беларусі ў жніўні 2020 года з плакатам "Беларуская рулетка" / фота з сацыяльных сетак

Пра тое, што да беларусаў сталі ставіцца горш з пачатку вайны, Яўген, вядома, чуў.

— Я быў адным з адміністратараў інстаграм-старонкі акцый беларусаў Варшавы. Украінцы актыўна адзначалі акаўнт і прасілі перадаць беларускаму ўраду, што не трэба ваяваць з Украінай.

Тады я зразумеў, што большасць людзей з Украіны не ў курсе, што адбываецца ў Беларусі. І я апісваў сітуацыю, што мы ў Варшаве не можам ніяк паўплываць на ўрад там. Таму што мы ўцяклі ад гэтага ўрада. Я тлумачыў, што беларусы замежжа прымаюць уцекачоў, збіраюць гуманітарную дапамогу, хтосьці едзе ваяваць. І ніхто з гэтых людзей не спрабаваў са мной лаяцца.

Яўген з разуменнем ставіцца да эмоцый украінцаў. Але да тых, хто, напрыклад, у Варшаве праяўляе агрэсію ў дачыненні да беларусаў, у яго адно пытанне: "Чаму вы не ва Украіне?" Там можна не толькі ісці на фронт, падкрэслівае суразмоўнік.
 

"Ганіце на *ер рускіх з дома"

Таму, як беларускі рэжым павёў сябе ў адносінах да Украіны, Яўген зусім не здзіўлены.

— Пры гэтым я бачу, як Лукашэнка спрабуе ўсяляк унікнуць беспасярэдняга ўдзелу беларускіх салдат. Магчыма, таму, што разумее, што тады больш не будзе другога крэсла, на якое можна саскочыць.

Я хацеў бы перадаць беларусам не губляць надзею, рыхтавацца да горшага і чакаць лепшага. Усё цяпер гаворыць пра тое, што ў найбліжэйшай перспектыве мы будзем жыць у свабоднай краіне, а ўсе гэтыя вырадкі панясуць заслужанае пакаранне.

Ёсць у суразмоўніка і пасланне да жыхароў яго роднага горада, чые вайскоўцы дапамагаюць расіянам бамбіць Украіну.

— Ганіце на *ер рускіх з дома! У мяне на самай справе слоў не стае. Побач з аэрадромам жывуць мае сваякі, якія, на жаль, займаюць супрацьлеглую пазіцыю. Я часта перажываю, што, калі будзе ляцець адказ, можа пацярпець мой дом.
 

Вайна пяройдзе на паўночны фронт — яшчэ Беларусь вызваляць

Самае цяжкае, што давялося бачыць ва Украіне, — вялізныя чэргі на выездзе з краіны.

Людзі пешшу выходзяць з Украіны / фота з архіва Яўгена

— Бясконцы, велізарны паток людзей. У асноўным гэта жанчыны і дзеці. Многія людзі з жывёламі. Большасць практычна без рэчаў. Я пакуль не бачыў трупаў, але думаю, што горш, чым гэтыя чэргі, я наўрад ці нешта ўбачу.

А з пазітыўнага — я веган дзесяць гадоў і перажываў, што, прыехаўшы ва Украіну, у лепшым выпадку стану вегетарыянцам. Але ў мяне нават веганскі сухпай ёсць. Магчыма, заўтра я буду есці тушонку, але цяпер я вельмі рады.

Нягледзячы на вайну, жыццё пад Кіевам кіпіць.

— Калі стаю ў каравуле, бачу, як шпацыруюць закаханыя парачкі, дзеці гуляюць у футбол, людзі ездзяць на працу. Адзінае, што на фоне гэтага кіпучага жыцця стаяць мужчыны ў форме са зброяй і не суціхаюць сірэны.

Чаканні наконт працягласці вайны ва Украіне розныя: хтосьці лічыць, што хутка ўсё скончыцца, хтосьці ўпэўнены, што гэта на гады.

— Я схільны думаць, што гэта надоўга. Для мяне вайна не скончыцца ва Украіне, а пяройдзе на паўночны фронт. Беларусы ж не проста так паехалі ваяваць ва Украіну. Нам потым яшчэ Беларусь вызваляць, — кажа на заканчэнне Яўген.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі