Ва Украіне адбылася серыя нападаў на лагеры ромаў, ёсць загінулы і параненыя

27/06/2018 - 13:58

Юліяна Скибіцкая, Ігар Бурдыга, Грамадскае

 

Дзе і калі?

На ромскія паселішчы Украіны за апошнія два месяцы здзейснілі шэсць нападаў.

Першы інцыдэнт адбыўся ў Кіеве 20 кастрычніка — лагер качавых ромаў у Кіеве разагналі, рэчы і палаткі яго насельнікаў спалілі.

Далей адбыліся яшчэ некалькі падпалаў: 9 траўня ў Львоўскай вобласці і 22 траўня ў Тэрнопальскай. А 7 чэрвеня прадстаўнікі арганізацыі "Нацыянальныя дружыны" сумесна з паліцыяй разагналі лагер ромаў у Галасееўскім нацыянальным парку Кіева.

У выніку новага нападу — 23 чэрвеня ў Львове — загінуў адзін чалавек.

Хто нападае?

За нападамі стаяць прадстаўнікі ультраправых арганізацый: "Немезіда", "Цвярозая і злая моладзь", "С14". Вось, што пра іх вядома.

С14 існуе з 2009 года. Сябры С14 удзельнічалі ў вайне на Данбасе ў складзе розных добраахвотніцкіх батальёнаў — на баку ўкраінскіх вайскоўцаў.

Гэтая арганізацыя вядомая зрывамі мерапрыемстваў ЛГБТ-супольнасці і прадстаўнікоў левага руху — напрыклад, падчас акцыі ў Кіеве ў памяць забітых расійскімі неанацыстамі актывісткі Анастасіі Бабуравай і юрыста Станіслава Маркелава.

Сябры арганізацыі "Немезіда" запомніліся нападам на ўдзельніц Марша за правы жанчын, які праходзіў у Кіеве 8 сакавіка: пасля заканчэння маршу яны аблілі некалькіх удзельніц зялёнкай і разарвалі іх плакаты.

"Цвярозая і злая моладзь" раней увогуле не фігуравала ў СМІ, але ёсць дадзеныя пра яе сувязі з міжнароднай неанацысцкай арганізацыяй Misanthropic Division.

 

Як расследуюцца напады?

Паліцыя не спяшалася заводзіць справы па факце нападаў аж да апошняга інцыдэнту. Спачатку ўсё абмяжоўвалася выклікам у паліцыю для дачы паказанняў, але затым канфліктам зацікавіліся праваабаронцы, і паліцыя пачала затрымліваць удзельнікаў пагромаў і арганізатараў. Цяпер заведзеныя крымінальныя справы па артыкулах "Наўмыснае забойства, здзейсненае па папярэдняй змове групай асобаў", "Дзеянні, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай, расавай варожасці і нянавісці", "Уцягванне непаўналетніх у злачынную дзейнасць" і іншых.

Увечары 26 чэрвеня стала вядома, што суд арыштаваў на два месяцы шасцярых чалавек з тых, хто нападаў на ромскі лагер.

 

Як адрэагавалі свет і Украіна?

Пра забойства рома ў Львоўскай вобласці выказаліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, а таксама Савет Еўропы і пасольства ЗША ва Украіне.

Таксама забойства і напады на ромаў асудзілі прадстаўнікі Украінскай грэка-каталіцкай царквы і Канферэнцыя Рыма-каталіцкіх біскупаў ва Украіне.

Міністэрства культуры Украіны заклікала міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава асабіста пракантраляваць расследаванне забойства рома на Львоўшчыне. Сам Авакаў заявіў, што напад быў "інспіраваны з Расіі". Пра "расійскі след" сказаў і кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Грыцак.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка публічна ніяк не адрэагаваў на напады на лагеры ромаў ва Украіне.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі