Усе сённяшнія кадравыя прызначэнні Лукашэнкі

22/05/2018 - 16:22

22 траўня стала вядома пра шэраг кадравых прызначэнняў, якія зрабіў Аляксандр Лукашэнка. Прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык стаў амбасадарам нашай краіны ў Швецыі. Аляксандр Лукашэвіч прызначаны амбасадарам у Балгарыі і па сумяшчальніцтве ў Грэцыі і на Кіпры, Вячаслаў Качанаў — у Эстоніі, амбасадар у Аргентыне (і па сумяшчальніцтве ва Уругваі) Уладзімір Астапенка — у Чылі (па сумяшчальніцтве).

Генадзь Пальчык прызначаны кіраўніком Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Раней ён працаваў старшынёй Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Лукашэнка адзначыў: "Адпачываць там не атрымаецца. Там трэба цалкам перавярнуць сістэму адукацыі. Трэба вызначыцца найперш, чаго мы хочам ад Акадэміі кіравання. Калі вызначымся, зразумеем, каго мы павінны рыхтаваць".

Амбасадар у Інданэзіі (і па сумяшчальніцтве ў Сінгапуры, Малайзіі і Філіпінах) Валерый Калеснік прызначаны пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі па сумяшчальніцтве. Сяргей Гусачэнка стаў намеснікам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

Таксама Лукашэнка даў згоду на шэраг прызначэнняў чыноўнікаў. Павел Лёгкі стаў першым намеснікам міністра інфармацыі, Аляксей Красінскі — дырэктарам Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў, Ігар Гусеў — дырэктарам Дэпартамента кантроля і нагляду за будаўніцтвам Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, Аляксандр Чайкоўскі — гендырэктарам Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах.

Былы першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш стаў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (ён скончыў гэты ўніверсітэт і працаваў у ім). З 2000 года БДУІР ачольваў прафесар Міхаіл Батура (днямі яму споўнілася 68 гадоў). Аляксандр Драган стаў рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (раней ён там працаваў дэканам).

Таксама кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне двух старшынь райвыканкамаў. Міхаіл Грышкевіч будзе працаваць старшынёй Кобрынскага райвыканкаму, Аляксандр Камінскі — старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама. Аляксандр Лукашэнка арыентуе іх на развіццё сферы абслугоўвання. Георгій Хвалько стаў кіраўніком справамі Брэсцкага аблвыканкама.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі