Унучка Лукашэнкі курыруе ў МЗС Беларусі ўсходні кірунак

20/11/2026 - 13:05

Сямейны падрад / Семейный архив

Унучка Аляксандра Лукашэнкі Вікторыя Дзятлава, дачка старэйшага сына Віктара, у лютым 2024 года атрымала пасаду другога сакратара МЗС Беларусі. Паводле даных "Бюро", у міністэрстве яна курыруе ўсходні кірунак — рэгіёны, куды рэгулярна ездзіць яе бацька.

Фармальна адзіная афіцыйная праца Віктара Лукашэнкі — кіраўніцтва Нацыянальным алімпійскім камітэтам. Пры гэтым ён у статусе спецпрадстаўніка ездзіць на перамовы ў арабскія краіны. Як устанавіла "Бюро", дамоўленасці развіваюцца ўжо ў Мінску пры ўдзеле яго старэйшай дачкі.

29 кастрычніка 2024 года ў Мінску кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў сустрэўся з міністрам замежных спраў Сірыі. Бакі падпісалі сумесную заяву аб "супрацьдзеянні незаконным заходнім санкцыям". За сталом перамоў з беларускага боку, паводле даных "Бюро", знаходзілася і Дзятлава.

1 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка з сынамі Віктарам і Мікалаем сустрэўся ў Маскаце з султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам. Тады ж аманскі МЗС упершыню афіцыйна прадставіў Віктара Лукашэнку як "спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта".

Праз тры тыдні Рыжанкоў і Дзятлава прымалі ў Мінску дэлегацыю Нацыянальнага музея Амана. Абмяркоўваліся сумесныя выставы і ўдзел аманскага боку ў будаўніцтве новага гістарычнага музея.

У красавіку 2026 года Віктар Лукашэнка зноў прыляцеў у Маскат. Візіт не анансавалі ў Беларусі. Паводле даных аманскага агенцтва ONA, ён перадаў султану пісьмовае пасланне ад бацькі.

Яго прыняў спадкаемны прынц Саід Тэязін бен Хайсам Аль Саід. Абмяркоўваліся "шляхі ўмацавання супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай і эканамічнай сферах".

Праз два месяцы ў Мінск прыехаў старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Амана. На перамовах прысутнічала Дзятлава, бакі падпісалі план сумесных дзеянняў на 2026 год.

27 студзеня 2026 года Віктар Лукашэнка здзейсніў неанансаваны візіт у Абу-Дабі. Дзяржаўнае агенцтва ААЭ WAM паведаміла аб яго закрытых перамовах з віцэ-прэзідэнтам ААЭ шэйхам Мансурам бен Заідам Аль Нахаянам і міністрам знешняга гандлю Тані бен Ахмедам Аль Зэюдзі.

Беларускія дзяржаўныя СМІ пра паездку не паведамлялі. Праз чатыры месяцы Рыжанкоў прыняў у Мінску таго ж міністра. На сустрэчы зноў прысутнічала Дзятлава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі