Украіна супраць паслаблення санкцый у дачыненні беларускіх шахматыстаў

25/09/2024 - 09:00

Беларускія шахматысты пад санкцыямі (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com

Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны, Міністэрства моладзі і спорту Украіны і Федэрацыя шахмат Украіны звярнуліся ў Міжнародны алімпійскі камітэт адносна рашэння ФІДЭ пра правядзенне кансультацый па магчымым пераглядзе абмежаванняў для шахматных федэрацый Беларусі і Расіі. Нядаўна Генасамблея Міжнароднай шахматнай федэрацыі на пасяджэнні ў Будапешце адмовілася зняць санкцыі з шахматыстаў РБ і РФ. Аднак яна прагаласавала за тое, каб савет ФІДЭ вывучыў магчымасці дапусціць да спаборніцтваў гульцоў з Беларусі і Расіі маладзейшых за 12 гадоў або з абмежаванымі магчымасцямі.

"Цяперашнія абставіны не даюць ніякіх падставаў для перагляду абмежаванняў, звязаных з шахматнымі федэрацыямі Расіі і Беларусі, нават для дзяцей да 12 гадоў, — мяркуюць у Кіеве. — З пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расіі было забіта 575 украінскіх дзяцей, яшчэ 1609 атрымалі раненні ў выніку дзеянняў расійскага войска. Украінскія дзеці кожны дзень знаходзяцца пад абстрэламі расійскіх ракет і дронаў. Яны пазбаўленыя магчымасці жыць нармальным жыццём, не кажучы ўжо пра ўдзел у спартыўных спаборніцтвах".

У лісце падкрэсліваецца, што Украіна настойвае, каб нацыянальныя зборныя Беларусі і Расіі не мелі права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пад эгідай ФІДЭ і прадстаўляць свае краіны. "Бо мы ўсе разумеем, што ўся расійская і беларуская спартыўная супольнасць з'яўляецца інструментам дзяржаўнай палітыкі Расіі і Беларусі", — пішуць Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны, Міністэрства моладзі і спорту Украіны і Федэрацыя шахмат Украіны.

facebook.com/olympicua/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі