У Слоніме забілі сабаку, якога мясцовыя прынялі за "чупакабру"

02/10/2018 - 10:51

Станіслаў Койпыш забіў “слонімскую чупакабру”, што наводзіла страх на ўсю акругу. Ці думае, што забіў менавіта яе:

"Дзесьці ў 1983-1984 гадах я такую істоту ўжо страляў, толькі звер быў худы і яшчэ больш чорны па афарбоўцы. Ён быў стары, асобна ад зграі паляваў. Гэта, напэўна, сумесь сабакі і ваўка. Такі гібрыд нават горшы, чым звычайныя ваўкі, таму што ён не баіцца людзей",распавядае егер “Зялёнаму парталу”.

Істота урывалася па начах у падворкі і забівала хатніх жывёл, і нават разарвала адну суседскую сабаку напапалам.

 

Фота: gs.by

Мясцовыя ўлады нават аб'явілі ўзнагароду ў 500 рублёў за галаву "чупакабры". Паляўнічыя і егеры гойсалі па навакольных лясах, вышукваючы сляды таямнічага звера, што пустошыў вясковыя двары. Але той звер, якога выдаюць за “чупакабру”, больш нагадвае буйнога сабаку.

Фота: greenbelarus.info

Прадстаўнікі лабараторыі малекулярнай заалогіі пры Акадэміі навук прыехалі ў Слонім і сабралі матэрыялы для аналізаў, каб правесці генетычную экспертызу і вызначыць, кім жа быў забіты звер. Спецыялістка Акадэміі навук Аляксандра Ларчанка ўпэненая, што забіты драпежнік — не воўк:

"Ён занадта маленькі для ваўка. Магчыма, гэта помесь сабакі і ваўка, можа, нават не ў першым пакаленні. Адназначна немагчыма сказаць, трэба ўлічваць, што сабакі і ваўкі добра скрыжоўваюцца", — тлумачыць спецыялістка "Газеце Слонімскай".

Журналісты знайшлі гаспадара забітай “чупакабры”. Гэта жыхар вёскі Дзераўная Генадзь Альбертавіч. Уночы з 26 на 27 верасня ён выпусціў сабаку пагуляць, а той не вярнулася. У тым, што гэта яго сабака, ён пераканаўся, убачыўшы фатаграфіі забітага звера.

Сабаку клікалі Балта, ён пражыў у Генадзя Альбертавіча дзесяць гадоў.

Гэта не ў першы раз, калі ў Слонімскім раёне заўважалі "чупакабру". У 2012 годзе гэты раён таксама тэрарызавала невядомая містычная істота. Але тады, пасля некалькіх нападаў, яна знікла. Мясцовыя ўлады палічылі, што гэта былі выхадкі рысі, якая згаладалася.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі